У дзень 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі гамяльчане і госці горада змаглі акунуцца ў атмасферу 1917-га: з самай раніцы каля Палаца Румянцавых і Паскевічаў разгарнулася рэканструкцыя гістарычных падзей векавой даўнасці. Прадстаўнікі ваенна-гістарычнага клуба "Чэсць мундзіра", а таксама рэканструктары з Мінска і іншых беларускіх рэгіёнаў пастараліся ў дэталях аднавіць храналогію памятнага дня ў Петраградзе. Драўляныя вожыкі-рагаткі з калючым дротам і "барыкады" з мяшкоў, відовішчныя баі паміж юнкерамі і чырвонагвардзейцамі, адчайныя спробы супраціўлення – стральба з дзеючых вінтовак Мосіна, кулямётаў "Максім" і "Льюіс" і нават артылерыйскай гарматы – і, нарэшце, прарыў "чырвоных" з захопам гомельскага "Зімовага палаца"… У азнаменаванне перамогі рэвалюцыі і ўстанаўлення новага парадку да гледачоў выйшла калона рабочых з транспарантам "Уся ўлада Саветам!".