Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Выстаўка "Радзівілы: лёсы краіны і роду" ў Мінску

Унікальная калекцыя роду Радзівілаў прадстаўлена ў Мінску

Унікальная калекцыя роду Радзівілаў прадстаўлена ў Мінску
27 Feb 2017

Зазірнуць у слаўнае мінулае Беларусі і прасачыць сямейную хроніку адной з самых старажытных і ўплывовых дынастый Еўропы запрашае ўнікальная выстаўка "Радзівілы: лёсы краіны і роду", што адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Эксклюзіўны збор прадставіў у Мінску князь Мацей Мікалай Радзівіл – арыстакрат, бізнесмен, грамадскі дзеяч і мецэнат. Дарэчы, гэта ўжо далёка не першы візіт у Беларусь нашчадка знакамітага роду па Шыдлавецкай лініі, што бярэ пачатак ад Мікалая Радзівіла Чорнага. Пры ўдзеле князя фарміраваліся сучасныя музейныя зборы Мірскага і Нясвіжскага замкаў, а ў 2009-м ён перадаў у дар два арыгінальныя партрэты і 7 копій карцін для калекцыі фамільнай рэзідэнцыі магнатаў.

Яшчэ ў 1990-я гады князь Мацей Мікалай Радзівіл пачаў збіраць калекцыю, набываючы на еўрапейскіх аўкцыёнах сямейныя рэліквіі – жывапіс, графіку, мініяцюры, мастацкія тканіны і памятныя медалі, многія з якіх сёння можна ўбачыць на выстаўцы. Усяго ў Беларусь прыбылі каля 100 рарытэтаў: у тым ліку і асабліва каштоўныя – дэкаратыўная тканіна "маката" XVIII стагоддзя з замкавых інтэр'ераў, партрэт кардынала Ежы Радзівіла XVI стагоддзя, карціна Юльяна Фалата, на якой паказана паляванне імператара Вільгельма II з сям'ёй Радзівілаў... Экспазіцыю таксама дапоўнілі палотны са збору галоўнай галерэі краіны, якія да 1939 года захоўваліся ў Нясвіжскім палацы.

На адкрыцці першай у Беларусі выстаўкі князь Мацей Мікалай Радзівіл расказаў пра гісторыю і ўнікальныя экспанаты сваёй калекцыі, перадаў у дар музею копію генеалагічнага дрэва, дзе прадстаўлены дваццаць пакаленняў дынастыі. І падзяліўся навіной: у 2018 годзе ён плануе выдаць сямейны альбом, куды ўвойдуць каля 300 фатаграфій, сабраных у Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне. Чакаецца, што ў рамках выставачнага праекта аматары гісторыі і мастацтва змогуць наведаць суботнія лекцыі і сустрэчы з вядомымі беларускімі гісторыкамі, музыкантамі і тэатральнымі рэжысёрамі, якія раскажуць пра спадчыну Радзівілаў.

Фота і відэа: Аксана Манчук

 

Выстаўка "Радзівілы: лёсы краіны і роду" ў Мінску
Князь Мацей Мікалай Радзівіл на адкрыцці выстаўкі "Радзівілы: лёсы краіны і роду" ў Мінску
Выстаўка "Радзівілы: лёсы краіны і роду" ў Мінску
Выстаўка "Радзівілы: лёсы краіны і роду" ў Мінску
Унікальная калекцыя роду Радзівілаў прадстаўлена ў Мінску
Папярэдняя       1 2 3 4      Наступная