Новая экспазіцыя гісторыі Аўгустоўскага канала размясцілася ў адрэстаўрыраваным доміку наглядчыка шлюза "Дамброўка". Рарытэты, сабраныя супрацоўнікамі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея і прыватнымі калекцыянерамі, расказваюць пра будаўніцтва, ваеннае, гандлёвае і турыстычнае мінулае суднаходнай артэрыі, грандыёзную рэканструкцыю ўчастка на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, шэраг экспанатаў якраз і быў знойдзены ў час рэстаўрацыі: сярод іх – лінейка для прамеру глыбіні, прадметы ўжытку, зброя і абмундзіраванне салдат дзвюх сусветных войнаў.
У музеі ўзнавілі побыт наглядчыка канала: уявіць, як тут жылі больш як 100 гадоў таму, дапамагаюць гістарычныя рэдкасці, старадаўняя мэбля ў жылым пакоі і кухні. Маштабны макет дэманструе, як даўней працавалі шлюзы канала, якія грузы часцей за ўсё перавозілі па яго водах...
Згодна з планамі стваральнікаў, новы музей гісторыі павінен ператварыцца ў музейны комплекс, у склад якога, акрамя дома наглядчыка, увойдуць аўтэнтычныя пабудовы і двор.