У гарачыя ліпеньскія дні адзін з самых вядомых гарадоў на турыстычнай карце Брэсцкай вобласці – Камянец – святкуе сваё 740-годдзе. Гісторыя краю непарыўна звязана з яго галоўнай славутасцю – унікальным помнікам архітэктуры другой палавіны XIII стагоддзя Камянецкай вежай, якая прадстаўлена ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Першае згадванне аб паселішчы адносіцца да перыяду паміж 1276 і 1288 гадамі, калі па распараджэнні галіцка-валынскага князя Уладзіміра Васількавіча на маляўнічым беразе ракі Лясной пачалося ўзвядзенне абарончай вежы-крэпасці, якая атрымала назву "Белая вежа". Маштабы адзінага захаванага данжона ў Беларусі ўражваюць: вышыня каля 30 м, а таўшчыня сцен дасягае 2,5 м.
На працягу стагоддзяў крэпасць заставалася цэнтрам адраджэння горада пасля разбуральных пажараў і ваенных канфліктаў, а ў нашы дні стала адным з самых вядомых сімвалаў Беларусі. Таму менавіта тут разгарнуліся ўрачыстасці, прысвечаныя Дню горада Камянца: гістарычныя рэканструкцыі, рыцарскія турніры, выступленні творчых калектываў, выстаўкі-кірмашы народных майстроў...
Фота: Кацярына Гараева