Старажытная рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы – адна з самых знакамітых выдатных мясцін Беларусі і Еўропы. Роўна 10 гадоў таму надзвычайны па прыгажосці архітэктурна-ландшафтны ансамбль – помнік эпохі Сярэдневякоўя – быў уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, стаўшы яшчэ больш папулярным для падарожнікаў з розных краін.
Нясвіжскі палац, які авеяны рамантычнымі і містычнымі легендамі, захоўвае фамільныя каштоўнасці некалі адной з самых магутных дынастый Еўропы, да гэтага часу не раскрыў усе таямніцы сваёй гісторыі. Напрыклад, аб знакамітых скарбах, лёс якіх натхняе вучоных, пісьменнікаў, аўтараў кінафільмаў… У верасні 2015 года ў Нясвіжы адбыўся першы гістарычны музычна-тэатралізаваны квест "Дванаццаць апосталаў", у час якога ўдзельнікі даследавалі скляпенні і падземныя хады пад валамі, якімі акружаны палац, пабывалі на вежы і нават зазірнулі ў пакоі, што пакуль закрыты для экскурсійных тураў…
Зрэшты, у абсалютна любы дзень і ў любую пару года тут можна ўбачыць незвычайнае і цікавае. У залах Нясвіжскага палаца адноўлены інтэр'еры з багатай лепкай і размалёўкай, моцнымі паркетамі, шыкоўнымі люстрамі і кафельнымі камінамі, старадаўняй мэбляй і сапраўды рэдкімі прадметамі з жыцця магнатаў. Сярод іх – арыгінальныя партрэты Радзівілаў і карціны з сямейнай калекцыі, антыкварны посуд, спальныя гарнітуры з фамільнымі гербамі, рарытэтны більярдны стол "Манарх", кнігі…
Акрамя палацава-паркавага ансамбля, жамчужынамі нацыянальнага музея-запаведніка "Нясвіж" з'яўляюцца касцёл Божага Цела з некранутай радавой пахавальняй Радзівілаў, гарадская Ратуша, якой больш за 400 гадоў, Слуцкая брама – адзіныя сярэдневяковыя гарадскія вароты, якія захаваліся ў Беларусі, і, вядома, утульныя вулачкі самога Нясвіжа, планіроўкай якога займаліся князі…
І сёння на Bеlarus.by – фота асенняй прагулкі па знакамітай рэзідэнцыі Радзівілаў, а таксама натхняльныя відэакадры палацавага ансамбля, знятыя з вышыні…