Выбар галоўнай тэмы года ў Беларусі стаў добрай традыцыяй, падставай удзяліць асаблівую ўвагу важным для краіны напрамкам. Напрыклад, у Год гасціннасці Беларусь прымала чэмпіянат свету па хакеі, у цэлым зрабіўшы акцэнт на іміджавых турыстычных праектах, развіцці інфраструктуры і запрашэнні гасцей з розных краін. Гэты год – 2015-ы – праходзіць пад знакам моладзі. Дарэчы, ідэю яго правядзення Кіраўніку дзяржавы прапанавалі самі юныя лідары на форуме "Маладосць. Традыцыі. Будучыня" - 2013.
Сёння ў Беларусі больш як 2 мільёны чалавек (каля 23 працэнтаў насельніцтва) – моладзь ва ўзросце ад 14 да 31 года. У краіне нязменна ўдзяляецца ўвага развіццю творчага, навуковага і прафесійнага патэнцыялу моладзі, вырашэнню яе праблем, задзейнічанню маладога пакалення ў кіраванні дзяржавай, удзелу ў сацыяльна-эканамічных пераўтварэннях... У Год моладзі ўсе праекты і ініцыятывы атрымалі новы імпульс, пачалася распрацоўка стратэгіі развіцця маладзёжнай палітыкі на 2015-2020 гады.
Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі праходзяць цікавыя маладзёжныя мерапрыемствы, конкурсы ідэй і стартапаў, форумы па абмеркаванні актуальных праблем… Адной з першых топ-падзей Года моладзі ў студзені стаў 42-і з'езд БРСМ – у фармаце адкрытага дыялогу "Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня" з удзелам Прэзідэнта.
Акрамя таго, у юбілейны год 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне моладзь актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі ўрачыстасцей, ушаноўванні ветэранаў, дапамозе пажылым людзям. У гонар подзвігу і мужнасці беларусаў на маладзёжным форуме лідары ініцыіравалі патрыятычную акцыю "Кветкі Вялікай Перамогі!"…