Мінская вобласць далучылася да ўсёй краіны, аддаўшы даніну павагі яе галоўным сімвалам у Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна на мемарыяльным комплексе "Курган Славы", узведзеным народам у гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны. Там разгарнулі 100-метровае палатно Дзяржаўнага сцяга, якое пранеслі 200 лепшых прадстаўнікоў цэнтральнага рэгіёна. Гэта работнікі розных сфер – медыкі, педагогі, праваахоўнікі, ратавальнікі, лесаводы, энергетыкі, а таксама юнакі і дзяўчаты, якія сваёй выдатнай вучобай фарміруюць дастойнае маладое пакаленне.