Былая графскаярэзідэнцыя Пуслоўскіх у Косаве – жамчужына неагатычнай архітэктуры XIX стагоддзя і адзіны помнік гэтага стылю, што захаваўся на тэрыторыі Беларусі. Дзіўны, быццам лунаючы беласнежны казачны замак з мініяцюрнымі зубчастымі вежамі, які называлі "рыцарскай мрояй", пасля працяглай рэканструкцыі адкрыўся для наведвальнікаў. Цікавасць да адной з галоўных славутасцей Брэсцкай вобласці вялізная, бо толькі з пачатку 2022-га часовую экспазіцыю, размешчаную ў пяці залах цэнтральнага крыла, а таксама знешняе ўбранне палацава-паркавага комплексу ўбачылі амаль 90 тысяч турыстаў.
За сваю гісторыю маёнтак у мястэчку Косава змяніў шэраг уладальнікаў з дынастый Храптовічаў, Сангушкаў, Флемінгаў, Чартарыйскіх, Сапегаў… Аднак сваю назву да нашых дзён маёнтак носіць у гонарроду Пуслоўскіх.Бацька – Войцах Пуслоўскі –праславіўся дзякуючы дывановай фабрыцы і сваёй мецэнацкай дзейнасці, а яго сынВандалін быў вялікім прамыслоўцам, які ў 1838 годзе ініцыяваў будаўніцтва палаца. Пазней, з-за суседства з сядзібай Тадэвуша Касцюшкі, тут бывалі выдатныя дзеячы свайго часу. Сярод іх– Напалеон Орда, Генрык Сянкевіч, Эліза Ажэшка, Юзаф Пілсудскі, Вацлаў Ластоўскі…
За гады Другой сусветнай вайны Косаўскі палац перажыў моцныя разбурэнні, а пажар 1944-га практычна поўнасцю знішчыў інтэр'еры гэтага велічнага радавога гнязда. Аднак толькі ў ХХI стагоддзі было прынята рашэнне аб аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны. Усяго каля трох гадоў пайшло на падрыхтоўчыя і праектныя работы, і ў маі 2008-га спецыялісты пачалі маштабную рэканструкцыю, якая ўключае некалькі этапаў. Сярод іх – унутраная і знешняя рэстаўрацыя, стварэнне музейнай экспазіцыі, пракладка інжынерных сетак, добраўпарадкаванне тэрыторыі.
За 14 гадоў спецыялістам удалося рэалізаваць грандыёзны план – правесці рэканструкцыю трох блокаў і аднавіць інтэр'еры палаца Пуслоўскіх. Асноўную плошчу маёнтка (за выключэннем музейнай экспазіцыі) плануецца здаваць у арэнду. Згодна з задумкай, у адным крыле замка размесціцца гасцінічны комплекс, другое будзе адведзена пад кафэ і рэстаран для гасцей палацава-паркавага комплексу.