Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Знакамітыя беларускія акцёры ўпершыню ў гісторыі ўдастоены медалёў ЮНЕСКА "Віктор Гюго"

Знакамітыя беларускія акцёры ўпершыню ў гісторыі ўдастоены медалёў ЮНЕСКА "Віктор Гюго"

Знакамітыя беларускія акцёры ўпершыню ў гісторыі ўдастоены медалёў ЮНЕСКА
1 Dec 2015

У розных кутках планеты Беларусь ведаюць як краіну з багатай гісторыка-культурнай спадчынай, дзівоснай прыродай, але, галоўнае, як радзіму выдатных людзей, якія і стагоддзі таму, і сёння не перастаюць заваёўваць прызнанне ўсяго свету. Героямі навін беларускія таленты становяцца нярэдка.

Увесь 2015-ы год у многіх краінах Еўропы праходзіць пад знакам таленавітага кампазітара і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага, 250-годдзе з дня нараджэння якога ўнесена ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА. У кастрычніку беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч была названа лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. А ў канцы лістапада прыйшло яшчэ адно натхняльнае паведамленне.

Тры выдатныя майстры беларускай сцэны – Тамара Ніжнікава, Генадзь Аўсяннікаў і Расціслаў Янкоўскі – удастоены памятнага медаля ЮНЕСКА "Віктор Гюго", які прысуджаецца за ўклад у развіццё нацыянальнай і сусветнай культуры. Дарэчы, у 2014 годзе медаль ЮНЕСКА "Пяць кантынентаў", таксама ўпершыню ў гісторыі Беларусі, атрымаў творчы калектыў галоўнай музычнай сцэны – Вялікага тэатра Беларусі.

Уладальнікі ўзнагароды – народныя артысты Беларусі і СССР, лаўрэаты прэстыжных міжнародных прэмій – на працягу многіх гадоў захапляюць гледачоў талентам і жыццялюбствам, з'яўляюцца настаўнікамі для маладых акцёраў на тэатральнай сцэне і ў кіно.

Цудоўны голас – рэдкае каларатурнае сапрана – Тамары Ніжнікавай ведаюць ва ўсім свеце: больш як трыццаць гадоў яна спявала на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, і ўжо многія дзесяцігоддзі выкладае ў Беларускай акадэміі музыкі. У творчай біяграфіі Генадзя Аўсяннікава – звыш 80 бліскучых роляў у тэатры і кіно, і да гэтага часу 80-гадовы майстар на сцэне. Легенда Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Расціслаў Янкоўскі ўвасобіў дзясяткі таленавітых роляў на падмостках і ў кіно, стаў заснавальнікам знакамітай акцёрска-рэжысёрскай дынастыі.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Мінску на сцэне легендарнага Купалаўскага тэатра: ад імя генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Ірыны Бокавай памятныя медалі лаўрэатам уручалі першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Міхневіч і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка. Галоўныя героі вечара – Тамара Ніжнікава, Генадзь Аўсяннікаў і жонка Расціслава Янкоўскага Ніна Чэішвілі (Янкоўская) прымалі віншаванні, размясціўшыся ў раскошных крэслах на тэатральных падмостках. Спецыяльна для ганаровых гасцей купалаўцы паказалі свой новы спектакль "ART" паводле аднайменнай п'есы Ясміны Рэза ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Мікалая Пінігіна.

І сёння ў нашым фотаальбоме – моманты хвалюючай цырымоніі ўзнагароджання, а таксама ўнікальныя архіўныя фота з творчага жыцця знакамітых акцёраў.

На фота: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка уручае жонцы Расціслава Янкоўскага Ніне Чэішвілі (Янкоўскай) памятны медаль ЮНЕСКА "Віктар Гюго"

Знакамітыя беларускія акцёры ўпершыню ў гісторыі ўдастоены медалёў ЮНЕСКА "Віктор Гюго"
Знакамітыя беларускія акцёры ўпершыню ў гісторыі ўдастоены медалёў ЮНЕСКА "Віктор Гюго"
Знакамітыя беларускія акцёры ўпершыню ў гісторыі ўдастоены медалёў ЮНЕСКА "Віктор Гюго"
Генадзь Аўсяннікаў на сцэне
Папярэдняя       1 2