Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Старажытны і малады: горад атамшчыкаў Астравец адзначае 550-годдзе

Старажытны і малады: горад атамшчыкаў Астравец адзначае 550-годдзе

Старажытны і малады: горад атамшчыкаў Астравец адзначае 550-годдзе
25 Жнв 2018

Гісторыя Астраўца, які стаіць на рацэ і атрымаў назву ад умацаванага прыбярэжнага вострава, сапраўды цікавая. Яго можна назваць як "самым маладым горадам Беларусі" (гэты статус быў прысвоены ўсяго шэсць гадоў таму), так і адным са старэйшых, бо летапісна пацверджанае мінулае налічвае ўжо 550 гадоў! Аднак не сакрэт, што самы моцны імпульс развіццю Астраўца ў наш час надаў буйнейшы праект – Беларуская АЭС, будаўніцтва якой вядзецца ўсяго за два дзясяткі кіламетраў, паступова ператвараючы горад у галоўны цэнтр беларускіх атамшчыкаў.

Тут узводзяцца новыя жылыя раёны і сацыяльна значныя аб'екты, развіваецца інфраструктура. І якраз да юбілейнай даты ў канцы жніўня Астравец атрымаў нямала новых падарункаў. Сярод іх – сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс з першым у горадзе басейнам, пажарна-аварыйна-выратавальная станцыя №3, арыгінальная славутасць, прысвечаная сярэбранай фарэлі, якая ўпрыгожвае герб Астраўца.

Юбілейныя ўрачыстасці 25 жніўня пачаліся з ранішніх богаслужэнняў у мясцовых праваслаўным і каталіцкім храмах, а потым – памятнай цырымоніі ля мемарыяла героям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай, і воінам-інтэрнацыяналістам, якія не вярнуліся з гарачых кропак свету. Прадоўжыла святочны марафон адкрыццё на гарадской набярэжнай скульптуры "Ласось", што сімвалічна, бо менавіта вадаёмы Астравецкага раёна – адзінае месца, куды рыба гэтага сямейства фарэль, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі, прыходзіць на нераст.

А далей вялікае свята ахапіла ўвесь горад – без перабольшання, на зямлі, на вадзе і ў паветры. На цэнтральнай плошчы жыхароў і гасцей Астраўца віталі прадстаўнікі ўлады, заслужаным прафесіяналам былі ўручаны ганаровыя ўзнагароды. Для гасцей адкрылася незвычайная інтэрактыўная зона з гіганцкім канструктарам і атамным хранографам: любы жадаючы мог адчуць сябе атамшчыкам, пабудаваўшы вежавую градзірню, як на Беларускай АЭС, і прыняць удзел у "атамных" гульнях. З вострава кахання на рацэ Лоша стартавалі азартныя заплывы на катамаранах і масавы запуск паруснікаў. У летнім небе над горадам луналі лёгкія рознакаляровыя змеі і дэльтапланы, а маштабы будуемага Астраўца можна было ўбачыць з верталёта.

Тысячы гледачоў сабраў святочны канцэрт, які адкрылі ваенны аркестр і ганаровая варта пагранічнай групы. На працягу ўсяго дня на сцэне амфітэатра выступалі вядомыя артысты і творчыя калектывы краіны: Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г.І.Цітовіча, ансамбль народных інструментаў "Скарбніца", струнны ансамбль "Кантрасты", этнагрупа PAWA, спявак Дзмітрый Калдун... А вечарам свята эфектна завяршылі вогненнае шоу, феерверк і святлолазерны паказ.

550-годдзе Астраўца – у рэпартажы!

Горад Астравец адзначае 550-годдзе
Горад Астравец адзначае 550-годдзе
Горад Астравец адзначае 550-годдзе
Старажытны і малады: горад атамшчыкаў Астравец адзначае 550-годдзе
Горад Астравец адзначае 550-годдзе
Папярэдняя       1 2 3 4 5  [6..7]      Наступная