Паветраны лайнер з незвычайным дызайнам ліўрэі ў аэрапорце "Мінск" прадставілі вядучыя кампаніі – нацыянальны перавозчык Беларусі "Белавія" і распрацоўшчык папулярнай на розных кантынентах ММА-гульні World of Tanks Wargaming. Зрэшты, яшчэ да прызямлення ў дамашняй гавані гэты яркі "Боінг-737" стаў навіной, што разляцелася па свеце дзякуючы аматарам спотынгу, якія заўважылі перафарбаванае судна каля ангара чэшскай Остравы…
Эксклюзіўны дызайн борта аб'яднаў тое, што, безумоўна, зробіць яго прыкметным і пазнаваемым. Напрыклад, фірменныя колеры World of Tanks – чорны і аранжавы, а ў сусветнай авіяцыі пасажырскія лайнеры ў насычана-вугальнай ліўрэі сустракаюцца нячаста. Яркі акцэнт – прыгожыя беларускія арнаменты, з дапамогай якіх стылізаваны і галоўны сімвал гульні танк. І, зразумела, надпісы на фюзеляжы на рускай і англійскай мовах – "Гульня з Беларусі, у якую гуляе ўвесь свет".
Акрамя таго, хвост самалёта ўпрыгожвае васілёк – першы абнародаваны элемент новага візуальнага вобраза "Белавія", прэзентацыю якога ў рамках маштабнага рэбрэндынгу кампанія анансавала на жнівень-2016.
На працягу некалькіх гадоў незвычайны "танкавы" лайнер будзе лятаць па маршрутах "Белавія" ў розныя краіны свету: напэўна вы ўбачыце яго на лётным полі або ў паветры. А пакуль у нашай фотагалерэі – кадры з прэзентацыі!