Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

27 Снж 2017

Кабякоў уручыў дзяржузнагароды прадстаўнікам розных сфер

Кабякоў уручыў дзяржузнагароды прадстаўнікам розных сфер

27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў. Цырымонія прайшла сёння ў Палацы Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У спісе ўзнагароджаных 100 чалавек. Гэта ўрачы, выкладчыкі, вучоныя, работнікі прамысловасці, лясной галіны, аграрыі і дарожныя рабочыя, авіятары і чыгуначнікі, нафтавікі, прадстаўнікі падатковых органаў, дзяржслужачыя, творчая інтэлігенцыя.

Андрэй Кабякоў адзначыў сімвалічнасць уручэння ў Год навукі заслужаных узнагарод вучоным, дасягненні якіх запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. "За гэты год было праведзена нямала знакавых мерапрыемстваў, якія пацвердзілі значнасць беларускай навукі і паслужылі дадатковым імпульсам папулярызацыі дасягненняў айчынных вучоных. Ключавым з мерапрыемстваў, безумоўна, стаў ІІ З'езд вучоных, на якім дэталёва разгледжана стратэгія развіцця навукі да 2040 года. Гэта важнейшы дакумент, які вызначыў перспектывы развіцця навукі і эканомікі краіны на дзесяцігоддзі", - лічыць кіраўнік беларускага ўрада.

Сярод важнейшых дасягненняў гэтага года ў навуковай сферы Андрэй Кабякоў назваў пачатак эксплуатацыі на сталічных дарогах электробусаў, стварэнне электрамабіля на базе Geely, распрацоўку беспілотнага авіяцыйнага комплексу "Буравеснік" з далёкасцю прымянення да 290 км. На базе НАН Беларусі забяспечаны выпуск лінейкі айчынных проціпухлінных прэпаратаў.

Добрых вынікаў дасягнула айчынная медыцына, і сярод узнагароджаных вялікая група медработнікаў. Прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што сёння медыцына захоўвае свае пазіцыі ў ліку галін, якія найбольш дынамічна развіваюцца. У гэтым годзе прадоўжана ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя і ўкараненне сучасных медыцынскіх тэхналогій дыягностыкі і лячэння пацыентаў. Прычым гэтыя пераўтварэнні адбываюцца не толькі ў рэспубліканскіх і абласных цэнтрах, але і на ўзроўні амбулаторый, участковых і раённых бальніц і паліклінік. У цэлым штогод у сістэме аховы здароўя распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку новыя метады аказання меддапамогі.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі прадстаўнікі нацыянальнага авіяперавозчыка - кампаніі "Белавія". Авіякампанія выконвае рэйсы з Мінска, Брэста, Гомеля, Гродна і Віцебска па 49 напрамках у 28 дзяржаў. Рэгулярна абнаўляецца парк паветраных суднаў, у 2018 годзе плануецца пастаўка трох новых самалётаў.

Узнагароды ўручаны работнікам Беларускай чыгункі. "Чыгуначнікі заўсёды з'яўляліся лакаматывам прагрэсу. І за кожным з іх стаіць праца вялікага калектыву, а таксама кожнага з вас", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Сярод узнагароджаных і работнікі вытворчага аб'яднання "Беларуснафта". Дзякуючы высокаму прафесіяналізму супрацоўнікаў прадпрыемства актыўна працуе ў нафтавай сферы такіх краін, як Расія, Украіна, Венесуэла, Эквадор.

Адзначана таксама праца аграрыяў. У цэлым у вытворчасці практычна ўсіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі дасягнуты добрыя вынікі, закладзены ў засекі ўбраны ўраджай, забяспечана харчовая бяспека краіны.

Высокіх узнагарод удастоены прадстаўнікі сферы культуры. Для іх 2017-ы - год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання - быў знамянальным і вызначыўся многімі выдавецкімі праектамі. Знакавай падзеяй стала выданне персанальнай энцыклапедыі "Францыск Скарына". У гэтым годзе завяршылася маштабная рэканструкцыя нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". Закуплена сучаснае абсталяванне, з нуля пабудаваны вытворчы корпус з двума павільёнамі. Андрэй Кабякоў выказаў упэўненасць, што ўсё гэта пасадзейнічае актыўнаму развіццю айчыннай кінаіндустрыі.

 Падзякі Прэзідэнта ўручаны за актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў урагану ў Мінскай вобласці, а таксама за значны асабісты ўклад у будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры, добраўпарадкаванне г.п. Копысь Аршанскага раёна.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі