7 лістапада, Жыткавічы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Жыткавіцкі раён даў сваю ацэнку развіццю Гомельскай вобласці і дзейнасці яе кіраўніка Івана Крупко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гомельскай вобласці. У прыватнасці, размова ішла аб тым, што за дзевяць месяцаў гэтага года выкананы сем з дзевяці ключавых паказчыкаў: не дасягнуў неабходнага ўзроўню валавы рэгіянальны прадукт (102,3 працэнта пры заданні 103,8 працэнта) і аб'ём сельгасвытворчасці (107,9 працэнта і 112,3 працэнта адпаведна). Пры гэтым выраслі інвестыцыі ў асноўны капітал - амаль на 20 працэнтаў пры заданні 5,7 працэнта. Сярэдняя заработная плата па рэгіёне павялічылася амаль на 17 працэнтаў пры заданні 10,3 працэнта.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў рэгіёне ёсць станоўчыя змяненні, аднак і зрабіць яшчэ трэба будзе нямала. "Трэба паскарацца. Бачу, што неяк ты ўзяўся за вобласць, бачу гэтыя зрухі (не хачу перахваліць), але гэта толькі пачатак. Ты ведаеш, што вельмі шмат праблем", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка вобласці.
Прэзідэнт заўважыў, што яму добра вядомы ключавыя паказчыкі па Гомельскай вобласці і яго больш цікавіць, якія канкрэтна ёсць праблемы. "Што цябе больш за ўсё непакоіць? З-за чаго ты не спіш?" - спытаў ён у Івана Крупко. Той у сваю чаргу абазначыў некаторую занепакоенасць наконт выканання паказчыка па ВРП.
У гэтым кантэксце кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для кіраўніка вобласці не павінна быць "сваіх" або "чужых" прадпрыемстваў, няважна ці знаходзяцца яны ў рэспубліканскай уласнасці - гэта ўсё сфера адказнасці старшыні аблвыканкама. Івану Крупко, у прыватнасці, даручана больш дэталёва разабрацца ў сітуацыі на БМЗ, "Гомсельмашы", у шкляной прамысловасці рэгіёна. Закраналася пытанне работы Беларускай шкляной кампаніі, і кіраўніком дзяржавы былі дадзены канкрэтныя даручэнні: памочніку Прэзідэнта - інспектару па Гомельскай вобласці Руслану Пархамовічу разабрацца ў тым, што адбываецца. "Разбярыся. Калі гэта надбудова 30 ці колькі чалавек перашкаджае і не патрэбна, значыць, не разважайце, усіх 30 чалавек - на прадпрыемствы, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі да прамысловасці. Да 1 студзеня каб быў наведзены парадак, калі толькі пытанне ў гэтым, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Да 1 студзеня павінна быць прынята рашэнне".
"Гомельскую вобласць трэба прыводзіць у нармальны стан. Гэта два флангі Беларусі - Віцебская на поўначы і Гомельская на поўдні. Іх трэба прывеці ў парадак", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.