Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

29 Mar 2018

Законапраекты па развіцці IT і прадпрымальніцтва паступяць у парламент у бліжэйшы час

29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шэраг законапраектаў па развіцці IT і прадпрымальніцтва паступіць у парламент у бліжэйшы час. Аб гэтым заявіў сёння на пасяджэнні савета Палаты прадстаўнікоў намеснік старшыні Баляслаў Пірштук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасяджэнні савета разглядаўся праект парадку дня на вясеннюю сесію, якая адкрываецца 2 красавіка. Плануецца, што ў парадак дня будуць уключаны 22 законапраекты. "У бліжэйшы час у Палату прадстаўнікоў будзе ўнесены шэраг законапраектаў, распрацаваных у мэтах развіцця прынятых кіраўніком дзяржавы дакументаў у сферы IT-тэхналогій і прадпрымальніцтва", - праінфармаваў Баляслаў Пірштук. Ён падкрэсліў, што гэтыя нарматыўна-прававыя акты павінны быць вынесены на разгляд у Авальнай зале ў максімальна кароткія тэрміны.

"Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць падрыхтоўцы рэспубліканскага бюджэту на 2019 год і комплексным змяненням Падатковага кодэкса, - прадоўжыў віцэ-спікер. - Дэпутаты ўжо актыўна ўдзельнічаюць у рабоце над карэкціроўкай падатковага заканадаўства ў складзе міжведамаснай рабочай групы. Работа над бюджэтам пачнецца ў самы бліжэйшы час". Баляслаў Пірштук нагадаў аб патрабаваннях Прэзідэнта да гэтых дакументаў: рэспубліканскі бюджэт павінен быць бездэфіцытным, сацыяльна і інавацыйна арыентаваным, выключаць рост падатковай нагрузкі. Што датычыцца падатковай сістэмы, то яна павінна стаць сучаснай, простай і зразумелай для суб'ектаў гаспадарання. "Менавіта з улікам гэтых падыходаў трэба адпрацоўваць адпаведныя законапраекты, уносіць аргументаваныя прапановы, якія ідуць ад жыцця", - адзначыў Баляслаў Пірштук.

У парламентарыяў наперадзе вялікая работа над праектам новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса. Ім трэба ўнесці комплексныя змяненні ў Працоўны кодэкс. Акрамя таго, у бліжэйшы час у парламент будзе ўнесена новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. "Гэтыя дакументы закранаюць інтарэсы і правы практычна кожнага чалавека. Яны павінны разглядацца праз прызму патрэбнасцей людзей, забяспечваць належную рэалізацыю канстытуцыйных правоў грамадзян, захоўваць баланс інтарэсаў выбаршчыкаў, грамадства і дзяржавы", - сказаў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Сярод пытанняў, якія будуць разглядацца на вясенняй сесіі, Баляслаў Пірштук назваў законапраекты аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, дзяржзакупках, транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці і іншыя. Акрамя таго, плануецца, што Палата прадстаўнікоў прыме да ведама дэкрэты аб лічбавай эканоміцы і аб забеспячэнні занятасці.

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі