24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект закона "Аб змяненні законаў" (па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці) прыняты сёння дэпутатамі ў першым чытанні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У мінулым годзе прыняты закон, які заклаў прававыя асновы для рэформы прадпрымальніцкай дзейнасці. Устанаўленне абноўленай архітэктуры прадпрымальніцтва запатрабавала карэкціровак шэрага заканадаўчых актаў. Асобныя з іх ужо прынялі .
Разгледжаны сёння комплексны законапраект прадугледжвае прывядзенне палажэнняў асобных законаў у адпаведнасць з законам нумар 365-З ад 22 красавіка 2024 года "Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці" ў частцы тэрміналогіі, якая датычыцца суб'ектаў індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці, пералікаў відаў дзейнасці, дазволеных для ажыццяўлення індывідуальным прадпрымальнікам і самазанятым, рэгламентацыі іншых звязаных з рэалізацыяй названага заканадаўчага акта пытанняў.
У прыватнасці, законапраект прадугледжвае карэкціроўку законаў Рэспублікі Беларусь для замацавання з улікам устаноўленага ў іх суб'ектнага складу паняццяў "фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасць", "індывідуальны прадпрымальнік", "фізічная асоба, якая ажыццяўляе самастойную прафесійную дзейнасць", "фізічная асоба, якая ажыццяўляе рамесную дзейнасць", "фізічная асоба, якая ажыццяўляе дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму".
Праз карэкціроўку Кодэкса аб судовым ладзе і статусе суддзяў і Кодэкса грамадзянскага судаводства ўрэгуляваны парадак звароту суб'ектаў індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў суды, а таксама парадак узаемадзеяння ў рамках судовых і дасудовых працэдур з дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, якія датычацца іх прафесійнай дзейнасці.



Удакладняюцца сферы дзейнасці, у якіх могуць быць заняты індывідуальныя прадпрымальнікі. Так, у законе нумар 205-З ад 14 чэрвеня 2003 года "Аб раслінным свеце" і законе нумар 257-З ад 10 ліпеня 2007 года "Аб жывёльным свеце" выключаюцца словы "індывідуальныя прадпрымальнікі" з норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны, звязаныя з нарыхтоўкай (закупкай) дзікарослых раслін і (або) іх частак і дзікіх жывёл, якія не адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства.
Аналагічныя змяненні ўносяцца і ў частцы дзейнасці па стварэнні і ўтрыманні пасадак, якія выконваюць санітарна-гігіенічныя, рэкрэацыйныя, інжынерна-тэхнічныя, культурныя, эстэтычныя або іншыя нясельскагаспадарчыя функцыі.
Выключэнне індывідуальных прадпрымальнікаў з кола суб'ектаў, якія ажыццяўляюць генна-інжынерную дзейнасць, прадугледжваецца пры карэкціроўцы закона нумар 96-З ад 9 студзеня 2006 года "Аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці". Гэты падыход абумоўлены неабходнасцю забеспячэння абароны тэрыторыі краіны ад магчымых негатыўных наступстваў, звязаных са стварэннем, выкарыстаннем і распаўсюджваннем генна-інжынерных арганізмаў.
У законе нумар 164-З ад 19 красавіка 2022 года "Аб плацежных сістэмах і плацежных паслугах" замацоўваецца магчымасць фізічных асоб, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць, аказваць паслугі выканання тэхналагічных функцый, неабходных для забеспячэння аказання плацежных паслуг пастаўшчыком плацежных паслуг (на падставе дагавора аўтсорсінгу).
Прадугледжана вырашэнне шэрага іншых пытанняў, якія датычацца прывядзення заканадаўчых актаў у адпаведнасць з законам нумар 365-З ад 22 красавіка 2024 года "Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці" і забеспячэння прымянення адзіных падыходаў па рэгуляванні гэтай сферы праваадносін.