4 лістапада, Лепельскі раён /Кар. БЕЛТА/. У 2025 годзе на ўзбраенне арміі прынята больш за 200 узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Аб гэтым журналістам заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін у час аператыўнага збору з кіруючым складам Узброеных Сіл у Лепельскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У любы навучальны год ступень, узровень і накіраванасць падрыхтоўкі Узброеных Сіл заўсёды залежыць ад абстаноўкі вакол Рэспублікі Беларусь. На жаль, сітуацыя не становіцца лепш. Градус напружанасці ўсё роўна прадаўжае нарастаць. Мы гэта бачым па дзеяннях кіраўніцтва калектыўнага Захаду, па той шалёнай мілітарызацыі, павелічэнні аб'ёмаў фінансавання на ваенныя патрэбы, закупцы наступальнага ўзбраення, канцэнтрацыі, стварэнні новых падраздзяленняў, асабліва ў нашых суседзяў. Іх агрэсіўная рыторыка ў наш бок сведчыць аб тым, што мы, улічваючы гэтыя ўмовы, павінны адэкватна рэагаваць і рыхтаваць свае Узброеныя Сілы", - сказаў Віктар Хрэнін.
Адной з вырашаных задач стала павышэнне баявога патэнцыялу за кошт павелічэння баявога кампанента войскаў. "Гэта перш за ўсё дасягнута за кошт аптымізацыі арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў, шляхам стварэння новых, павелічэння існуючых падраздзяленняў, уключэння іх у склад аб'яднанняў і воінскіх часцей, аптымізацыі кіраўніцкага апарату. Вельмі шмат нам удалося зрабіць і дасягнуць у рамках павышэння аснашчэння нашых войскаў сучаснымі ўзорамі ўзбраення. У гэтым годзе мы прынялі на ўзбраенне больш за 200 розных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. У цэлым ва Узброеныя Сілы за гэты год пастаўлена больш за 35 тыс. розных узораў тэхнікі і ваенна-тэхнічнай маёмасці", - адзначыў міністр.
У бягучым годзе ўдалося значна павысіць узровень укамплектаванасці Узброеных Сіл. "Можна ўжо смела сказаць, што ў нас няма праблем з прызыўным рэсурсам. Мы таксама бачым змяненні стаўлення нашай моладзі да ваеннай службы. Гэта работа над памылкамі, якая была праведзена за апошнія гады ў рамках ваенна-патрыятычнага выхавання. Мы дасягнулі пэўных поспехаў і ў павышэнні ўкамплектаванасці афіцэрскіх кадраў, правёўшы эксперымент, які пачалі ў мінулым годзе, а ў бягучым завяршылі прызывам лейтэнантаў запасу пасля заканчэння ваенных кафедраў. Мы ўбачылі, што выбралі правільны шлях, таму цяпер робіцца чарговы набор. Тым самым мы павышаем узровень падрыхтоўкі афіцэраў запасу, а таксама вырашаем задачу, якую нам ставіў Прэзідэнт, што ва Узброеных Сілах служыць павінны ўсе. Маладыя людзі пройдуць службу, атрымаюць адпаведную ваенна-ўліковую спецыяльнасць", - падкрэсліў Віктар Хрэнін.
Кіраўнік ваеннага ведамства таксама адзначыў, што ўдалося дасягнуць высокіх паказчыкаў падрыхтоўкі ваенна-абучанага рэсурсу праз прызыў больш як 16 тыс. ваеннаабавязаных. Таксама быў павышаны ўзровень утрымання, аснашчэння і рамонту тэхнікі. Шмат зроблена для павышэння і паляпшэння ўмоў утрымання ваенных гарадкоў, стварэння камфортных умоў для ваеннаслужачых.
"У пытаннях павышэння баявой падрыхтоўкі нашых ваеннаслужачых мы ўкаранілі новыя формы і спосабы прымянення войскаў. У цэлым я хачу сказаць, што ўзровень падрыхтоўкі Узброеных Сіл за мінулы навучальны год значна вырас. Мы дасягнулі пэўных мэт, якія ставілі перад сабой. Таксама хачу сказаць, што мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым. Няма мяжы дасканаласці", - упэўнены міністр.






Ён звярнуў увагу, што цяпер штабы, органы кіравання вядуць работу над прыняццем новага плана абароны дзяржавы. "Мы завяршаем пяцігадовы цыкл. Таксама ў гэтым годзе завяршаем пяцігадовы цыкл у рамках будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл. Цяпер распрацоўваецца новы план на 2026-2030 гады. Мы ўлічваем абстаноўку, умовы і магчымасці нашай дзяржавы. Гэта ўсё будзе пакладзена ў падрыхтоўку Узброеных Сіл у новым навучальным годзе", - падкрэсліў кіраўнік ваеннага ведамства.
Віктар Хрэнін звярнуў увагу на тое, што з ростам інтэнсіўнасці падрыхтоўкі войскаў вырасла колькасць мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі. "Асноўнымі з іх сталі сумесныя штабныя трэніроўкі аператыўнага камандавання рэгіянальнай групоўкі войскаў, вучэнні ў рамках АДКБ, праведзеныя на тэрыторыі нашай краіны. Вядома ж, ключавым элементам падрыхтоўкі стала сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2025". Мы літаральна на мінулым тыдні падвялі вынікі вучэння. Зроблены добры аналіз усіх выкананых задач. Хацелася б сказаць, што ў рамках прынятай на Усебеларускім народным сходзе новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны мы ўдакладнілі сістэму падрыхтоўкі дзяржорганаў на розных этапах эскалацыі, вызначылі парадак іх дзеяння ў выпадку раптоўнага нападзення на нашу краіну", - адзначыў міністр.
У новым навучальным годзе Узброеныя Сілы будуць зыходзіць з існуючай абстаноўкі. "На жаль, кіраўніцтва нашых суседзяў не хоча вырашаць праблемныя пытанні дыпламатычным шляхам. Адным з асноўных фактараў стрымлівання іх ад прымянення ваеннай сілы будзе з'яўляцца гарантыя прымянення гэтай сілы з нашага боку. Ні ў кога не павінна быць сумненняў, што ў нас для гэтага ўсё ёсць. Накіраванасць наступнага года будзе захоўваць прыкладна тыя тэмпы, якія мы набралі за апошнія гады. Асноўныя намаганні сканцэнтруем на развіцці сістэм разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, беспілотных авіяцыйных комплексаў, падсістэмы процідзеяння ім, контрбатарэйнай барацьбы, развіцці сістэм кіравання, укаранення новых форм і спосабаў у падрыхтоўку войскаў, на павышэнне ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй і дружалюбнымі краінамі", - сказаў Віктар Хрэнін.
Ён падкрэсліў, што армія зробіць усё, каб захаваць мір і спакой грамадзян. "Для гэтага мы павінны быць адным цэлым і адаптаванымі да новых умоў абстаноўкі. Менавіта таму наступны навучальны год ва Узброеных Сілах будзе вызначаны годам баявога зладжвання", - рэзюмаваў міністр.
На палігоне ў Лепельскім раёне прайшоў аператыўны збор з кіруючым складам Узброеных Сіл. Яго мэта - выпрацоўка ў каманднага складу Узброеных Сіл адзінага разумення паслядоўнасці і спосабаў абучэння службовых асоб органаў ваеннага кіравання і войскаў у новым навучальным годзе.