13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На сумесныя беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні "Захад-2025", якія пройдуць 12-16 верасня ў Беларусі, запрошаны многія міжнародныя наглядальнікі, у тым ліку з краін НАТА. Аб гэтым, адказваючы на пытанні журналістаў, паведаміў міністр абароны Віктар Хрэнін па выніках закрытага даклада кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, запрашэнні былі накіраваны ўсім дзяржавам - удзельніцам Венскага дакумента аб бяспецы. Гэта 56 краін. "Усім ім накіраваны запрашэнні. Пакуль мы чакаем адказаў. Сказаць, хто канкрэтна (будзе прысутнічаць. - Заўвага БЕЛТА), пакуль не магу", - сказаў міністр. Чакаецца, што адказы ад тых, хто хоча назіраць за вучэннямі, павінны паступіць да 20 жніўня.
Акрамя таго, у рамках двухбаковага міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Беларусь накіравала запрашэнні яшчэ ў 25 краін. У асноўным сярод іх дзяржавы - удзельніцы ШАС, АДКБ, СНД, іншыя дружалюбныя краіны. Гэта зроблена для таго, каб "яны маглі прыслаць сваіх прадстаўнікоў або, калі будзе такая магчымасць, кіраўнікоў абаронных ведамстваў, прыбыць назіраць за нашымі вучэннямі", растлумачыў Віктар Хрэнін.
"Але і гэта яшчэ не ўсё. У нас у краіне знаходзяцца больш як 30 ваенных аташэ, з іх дзевяць (з. - Заўвага БЕЛТА) краін НАТА. У іх таксама будзе магчымасць. Мы іх усіх запрашаем назіраць за нашымі вучэннямі. Тым самым мы яшчэ раз падкрэсліваем сваю міралюбнасць, адкрытасць і тое, што мы сапраўды хочам знізіць ваенную напружанасць, якую, на жаль, бачым, адчуваем. Мы робім першы крок. Хацелася б чакаць крокаў у адказ ад нашых суседзяў", - звярнуў увагу кіраўнік Мінабароны.