Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

25 Сак 2021

Вучоныя Беларусі і Расіі распрацавалі ДНК-тэхналогіі для патрэб крыміналістыкі і медыцыны

Вучоныя Беларусі і Расіі распрацавалі ДНК-тэхналогіі для патрэб крыміналістыкі і медыцыны
Фота з архiва

25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вучоныя Беларусі і Расіі распрацавалі ДНК-тэхналогіі для патрэб крыміналістыкі і медыцыны. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам навуковы кіраўнік саюзнай праграмы "ДНК-ідэнтыфікацыя" з беларускага боку намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Кільчэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"ДНК-ідэнтыфікацыя" - гэта дапамога крыміналістыцы і нашым медыкам. Першая задача накіравана на ідэнтыфікацыю асобы, і мы ўжо распрацавалі шэраг методык, у прыватнасці па ўстанаўленні знешнасці чалавека па ДНК (колеру вачэй і валасоў) з даволі высокай дакладнасцю - каля 90 працэнтаў і вышэй. Ёсць поспехі і ў галіне ідэнтыфікацыі ўзросту: мы вызначаем узрост чалавека па біялагічных слядах (з дакладнасцю да трох-чатырох гадоў). Важна ўстанаўліваць і псіхаэмацыянальны статус чалавека па ДНК, асабліва для тых прафесій, дзе стрэс з'яўляецца часткай жыцця", - расказаў Аляксандр Кільчэўскі.

Акрамя таго, у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз распрацавалі шэраг тэхналогій ідэнтыфікацыі этнагеаграфічнага паходжання. "Гэта значыць, мы цяпер можам адрозніваць па ДНК прадстаўнікоў розных народнасцей і нават розных рэгіёнаў Беларусі", - растлумачыў вучоны.

Праводзіліся даследаванні і ў мегаполісе - Мінску. Паводле слоў намесніка старшыні Прэзідыума НАН, этнасы, якія пражываюць у сталіцы, размяркоўваюцца па яе тэрыторыі нераўнамерна.

Акрамя таго, распрацаваны шэраг тэхналогій для вызначэння генетычнай схільнасці да розных захворванняў - касцёва-мышачнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы, анкалагічных. Паводле слоў вучонага, атрыманыя вынікі дадуць магчымасць людзям у групе рызыкі праводзіць неабходную прафілактыку.

"Мы распрацавалі канцэпцыю новай саюзнай праграмы "ДНК-ідэнтыфікацыя - 2". Хочам прадоўжыць вывучэнне генетыкі чалавека. Паміж ладам жыцця і генамі ёсць сувязь. Па экспрэсіі генаў плануем адрозніваць наркаманаў, алкаголікаў, курцоў", - падзяліўся планамі Аляксандр Кільчэўскі.

Акрамя таго, шэраг злачынстваў звязаны з фальсіфікацыяй мяса, рыбы, ікры, несанкцыянаванай высечкай лесу. "Гэта таксама праблемы генетыкі. Напрыклад, дрэва, ссечанае ў Гомельскай вобласці, можа генетычна адрознівацца ад сібірскага. Такія задачы таксама будзем вырашаць. Акрамя таго, плануем вывучаць наркатычную сыравіну на генетычным узроўні, вызначаць, у якой краіне яна вырашчана", - дадаў вучоны.

"Канцэпцыя саюзнай праграмы ўжо накіравана ў Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі і разглядаецца там. Яна падтрымана шэрагам дзяржаўных структур Беларусі. Спадзяёмся, яна атрымае фінансаванне, і мы прадоўжым даследаванні", - рэзюмаваў намеснік старшыні Прэзідыума НАН.

Сёння ў Мінску праходзіць пасяджэнне Навукова-тэхнічнага савета Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па навукова-тэхнічнай праграме Саюзнай дзяржавы "ДНК-ідэнтыфікацыя". Абмяркоўваецца ход яе рэалізацыі, навуковая і прыкладная ацэнка атрыманых вынікаў, перспектывы іх укаранення, а таксама падрыхтоўка і ўзгадненне канцэпцыі новай праграмы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі