1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па выніках праверкі арміі трэба зрабіць адпаведныя высновы для таго, каб Узброеныя Сілы Беларусі сталі яшчэ лепшымі і больш дасканалымі. Аб гэтым заявіў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па падвядзенні вынікаў комплекснай праверкі Узброеных Сіл, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён нагадаў, што праверка праводзілася ў студзені - сакавіку, практычна два з паловай месяцы ўпершыню была настолькі маштабнай - раптоўна прыводзіліся ў баявую гатоўнасць і правяраліся 44 воінскія часці, часці пастаяннай гатоўнасці.
"Мэта праверкі - не праверыць і паставіць адзнаку "выдатна", "добра" або двойку воінскім часцям, якія правяралі. Мэта праверкі - зрабіць зрэз гатоўнасці і здольнасці УС абараніць сваю краіну, адстаяць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць", - сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Ён звярнуў увагу, што ваенна-палітычная абстаноўка ў свеце застаецца напружанай, хутка мяняецца і, на жаль, тэндэнцыі несуцяшальныя. "Тое, што адбываецца ў ходзе СВА ва Украіне, на Блізкім Усходзе, іншых кутках свету, - усё гэта сведчыць аб тым, што любой краіне трэба мець падрыхтаваныя прафесійныя УС, іншыя структуры ваеннай арганізацыі дзяржавы, якія здольны абараніць нацыянальныя інтарэсы краіны перш за ўсё. І на гэта робіць упор наш Прэзідэнт, наш Галоўнакамандуючы", - заўважыў дзяржсакратар Савета бяспекі, гаворачы пра аб'ектыўную неабходнасць правядзення праверкі УС.
"Калі ўсе будуць бачыць, што нашы Узброеныя Сілы - невялікія, кампактныя, але здольны разгарнуцца ў найкарацейшы час і выканаць задачы па абароне суверэнітэту і беларускага народа, я думаю, што не асмеліцца да нас, на нашу зямлю нехта прыйсці з нядобрымі думкамі, - дадаў ён. - Хоць рыхтавацца трэба да ўсяго. Рыхтуючыся да вайны, ты павінен быць упэўнены ў тым, што вайны не будзе".
Асноўны акцэнт пры праверцы рабіўся на здольнасці процідзейнічаць дыверсійна-разведвальным групам праціўніка, незаконным узброеным фарміраванням, адбіваць раптоўны напад на калоны, абараняць іх, займаць за найкарацейшы час той ці іншы падрыхтаваны рубеж.
Галоўны вывад па выніках праверкі, паводле яго слоў, адназначны: "Сёння людзі ў пагонах здольны і гатовы абараніць сваю краіну".
Разам з тым былі выяўлены і праблемныя пытанні, звязаныя, у прыватнасці, з прымяненнем новых форм і спосабаў вядзення баявых дзеянняў, сродкаў паражэння, узброенай барацьбы. Але, зразумела, аб выяўленых недахопах не гавораць услых, гэтага не робіць ніхто ў свеце, таму нарада ў Прэзідэнта мела закрыты характар. Да ўдзелу ў ёй былі прыцягнуты члены Савета бяспекі, вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі ваеннага ведамства аж да камандзіра брыгады, палка.
Адбылася шчырая размова, прынцыповая і жорсткая. Напрыклад, пазапланава былі выкліканы за трыбуну са сваіх месцаў у зале камандзіры часцей, дзе фіксаваліся недахопы, заслуханы камандуючыя войскамі.
"Прэзідэнт запатрабаваў без прыкрас далажыць усе нюансы, праблемныя пытанні, што атрымалася, не атрымалася, на што трэба звярнуць увагу. Паставіў дакладныя задачы мне, міністру абароны яшчэ раз прааналізаваць і далажыць яму канкрэтныя прапановы, як выправіць сітуацыю па выяўленых праблемных пытаннях. Прыняць па кім-небудзь кадравыя рашэнні - хто не здольны кіраваць. Таму што вайна памылак не даруе", - сказаў дзяржсакратар. Ён падкрэсліў, што любы камандзір часці павінен адпавядаць крытэрыям ацэнкі, якія выстаўляюцца да чалавека ў пагонах: быць прафесійна падрыхтаваным і здольным самастойна выканаць баявую задачу, прыняць кіраўніцкія рашэнні і павесці за сабой асабовы склад.
"Такая прадметная, жорсткая мужчынская размова адбылася, з якой трэба зрабіць адпаведныя высновы для таго, каб нашы Узброеныя Сілы сталі яшчэ лепшыя, яшчэ больш дасканалыя", - рэзюмаваў Аляксандр Вальфовіч.