Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

25 Apr 2016

Сусветны савет па турызме і падарожжах уключыў Беларусь у топ-10 па росце інвестыцый у тургаліну

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветны савет па турызме і падарожжах (World Travel & Tourism Council) уключыў Беларусь у топ-10 краін, дзе ў 2016 годзе чакаецца найбольшы тэмп росту інвестыцый у турыстычную галіну. Аб гэтым сведчаць даныя даклада WTTC, апублікаваныя на сайце савета, паведамляе БЕЛТА.

Як прагназуе WTTC, у 2016 годзе ў Беларусі інвестыцыі ў тургаліну вырастуць на 12 працэнтаў і краіна апынецца на 6-м месцы ў свеце па гэтым паказчыку. Такі рост будзе вышэйшы за сярэднесусветны (4,7 працэнта) і сярэднееўрапейскі (4,1 працэнта). WTTC таксама прыводзіць даныя, што Беларусь па гэтым паказчыку значна апярэдзіць сваіх суседзяў - Літву (160-е месца), Польшчу (171-е), Расію (180-е), Украіну (183-е).

У перспектыве інвестыцыі ў беларускі турызм будуць расці больш павольнымі тэмпамі - штогод па 3 працэнты на працягу бліжэйшых дзесяці гадоў. Пры гэтым доля турызму ў агульным аб'ёме нацыянальных інвестыцый знізіцца з 2,1 працэнта ў 2016 годзе да 1,9 працэнта ў 2026-м.

Аптымістычныя прагнозы робіць Сусветны савет па турызме і падарожжах і адносна экспарту турпаслуг. Згодна з данымі WTTC, Беларусь у 2015 годзе зарабіла на замежных турыстах $1 млрд. Аналітыкі прагназуюць, што ў 2016 годзе гэта лічба павялічыцца на 4,3 працэнта (у сярэднім у Еўропе - на 3,4 працэнта, у сярэднім у свеце - на 3 працэнты). У выніку Беларусь у рэйтынгу па тэмпе росту экспарту турпаслуг зойме 54-е месца. Такім чынам, краіна апярэдзіць у сваім рэгіёне Польшчу, Фінляндыю, Венгрыю, Літву і Эстонію, але ўступіць Расіі (20-е) і Украіне (32-е).

Доля занятых у турызме Беларусі склала ў мінулым годзе 70,5 тыс. рабочых месц (1,6 працэнта) ад агульнай колькасці занятых. Паводле прагнозаў, у 2016 годзе гэта лічба можа скараціцца да 1,1 працэнта - 69,5 тыс. В будучым эксперты бачаць тэндэнцыю аднаўлення росту занятых у беларускім турызме - да 2026 года гэты паказчык можа скласці 78 тыс.

У цэлым у беларускім турызме і сумежных галінах занята 233 тыс. чалавек, да 2026 года гэта лічба павялічыцца да 236 тыс.

Паводле ацэнкі Сусветнага савета па турызме і падарожжах, уклад турызму ў ВУП Беларусі ў 2015 годзе склаў 1,7 працэнта. Да 2026 года колькасць міжнародных турысцкіх прыбыццяў у Беларусь згодна з прагнозамі экспертаў павінна скласці 1 млн 378 тыс.

WTTC у партнёрстве з кансалтынгавай кампаніяй Oxford Economics штогадова праводзіць даследаванне аб уплыве турызму на эканоміку як асобных краін, так і ў сусветным маштабе. У час даследавання эксперты аналізуюць турыстычны рынак больш чым у 180 краінах. У дадатак да справаздачы аб цяперашняй сітуацыі публікуецца прагноз развіцця турыстычнай галіны на бліжэйшае дзесяцігоддзе. У 2013 годзе Беларусь трапіла ў топ-10 краін па дынаміцы развіцця турызму.

Трэба адзначыць, што не ўсе даныя аб выніках 2015-га, прыведзеныя ў дакладзе WTTC, супадаюць з афіцыйнай статыстыкай Беларусі. Такое разыходжанне можна растлумачыць рознымі методыкамі падліку: у Беларусі толькі пачынаецца ўкараненне сатэлітных (дапаможных) рахункаў, якія дадуць магчымасць больш дакладна ацаніць уклад турызму ў эканоміку краіны.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі