24 кастрычніка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі нарады ў Віцебску па праблемных пытаннях развіцця рэгіёна, выказаў сваю пазіцыю аб тым, на што ў далейшым зможа разлічваць Віцебская вобласць у плане дапамогі ад дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін на нарадзе, таксама з улікам выказанай кіраўніком дзяржавы жорсткай крытыкі, далажыў прапановы па планах развіцця Віцебскай вобласці да 2030 года - асноўных праектах і напрамках, якія павінны садзейнічаць дасягненню жаданага выніку. А гэта значны рост валавога рэгіянальнага прадукту і даходаў бюджэту, рэальнай заработнай платы. Размова не толькі аб развіцці сельскай гаспадаркі і вытворчай сферы, але таксама агучаны прапановы па актывізацыі работы ў галіне турызму, удасканаленні транспартна-лагістычнай сферы. Кіраўнік рэгіёна прапанаваў уключыць у дзяржпраграмы рэалізацыю шэрага праектаў па будаўніцтве дарог і мастоў.
Што датычыцца будаўніцтва дарожнай інфраструктуры, Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што трэба працаваць у гэтым напрамку, але адразу папярэдзіў, што Віцебская вобласць у краіне не адна і пры размеркаванні сродкаў трэба ўлічваць запыты і іншых рэгіёнаў.
Гаворачы аб планах да 2030 года, Прэзідэнт заявіў аб неабходнасці не проста прапісаць запланаваныя паказчыкі, а распісаць усё па гадах, каб можна было пракантраляваць працэс рэалізацыі абяцанага.
"Па гадах раўнамерна разбіць гэта. Зрабіў - атрымай. Не зрабіў - тады спагнанне будзе максімальнае. Таму спачатку рэзультат дай, які абяцаў, а потым атрымай. Можа, нават больш дадзім. Я знайду рознымі шляхамі, рэзервы выкарыстаю. Не зрабіў - да адварочвання галавы. Па-мужчынску. Каб гэта не было "хацелкамі", гэта павінна быць алічбавана, і каб гэта было абавязкова", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што гатовы разглядаць тыя ці іншыя запыты і просьбы ад вобласці, але ўсё залежыць ад вынікаў развіцця самога рэгіёна.
"Сёння ўсе павінны сабрацца ў кучу і зрабіць добрую справу. Калі мы выцягнем Віцебскую вобласць, то няма куды будзе дзявацца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцям, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Мы вывернем Віцебскую вобласць навыварат. І падтрымку вы атрымаеце фінансавую, нейкую арганізацыйную і іншую толькі тады, калі вы пераканаеце ўрад, а яны - мяне. Я тады на гэта пайду. Калі не, і кроку не зраблю".
"Хочаце жыць і працаваць на сваёй зямлі, віцебскай зямлі, дапамогі хочаце - я заўсёды гатовы. Я гатовы з вамі стаць і рабіць, працаваць разам. Калі не, тады будзе строгае спагнанне. Груба кажучы: жывіце, зарабілі - падзялілі, падаткі аддалі (ільгот не будзе) - забірайце, дзяліце. Толькі так. Да гэтага мы ідзём. Я папрашу падрыхтавацца вас да таго, што спагнанне будзе сур'ёзнае", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра неабходнасць у бліжэйшы час навесці парадак і "вылізаць" у Віцебскай вобласці ўсё, што неабходна - ад калгасаў да прадпрыемстваў, там, дзе гэта неабходна.
"Жым будзе вельмі страшны. Усё павінна быць выканана. І не адкідваць на 2030 год", - патрабуе беларускі лідар.



Што датычыцца работы створаных раней аграпрамысловых аб'яднанняў, Прэзідэнт пакуль не стаў даваць гэтаму нейкіх канчатковых адзнак. "Я тады не бачыў у гэтым нічога дрэннага. Не бачу і цяпер. Толькі трэба падкарэкціраваць пад сыравінныя зоны", - сказаў Прэзідэнт.
"Трэба манапалізаваць усе закупкі для сельскай гаспадаркі. Асабліва звонку. І дакладна сачыць. Ніякай там не павінна быць звышрэнтабельнасці, - даручыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта танней, чым будзе кожны завозіць і канкурыраваць адзін з адным. Мы гэта ведаем па іншых рэчах".
Яшчэ адно даручэнне - ліквідаваць розныя непатрэбныя пасрэдніцкія структуры. Гэтым пытаннем ён персанальна даручыў заняцца намесніку Старшыні УНС Аляксандру Косінцу.
Кіраўнік дзяржавы таксама патрабуе ліквідаваць бюракратычныя патрабаванні і перашкоды, якія не дазваляюць кіраўнікам на месцах рабіць намечанае. Напрыклад, пры будаўніцтве тых ці іншых сельскагаспадарчых аб'ектаў, у адносінах да чаго ёсць залішнія патрабаванні.
Нарада з кіраўніком дзяржавы прадаўжалася больш як 5 гадзін. Падрабязна пагаварылі аб усіх праблемных момантах і недапрацоўках, якія ёсць у вобласці. Цяпер не выконваюцца многія паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, ёсць прасяданне ў ключавых галінах.
Яшчэ адна важная тэма нарады - меры, якія неабходны для пераадолення праблемы падзяжу ў жывёлагадоўлі. Гэта пытанне разглядалі ў маштабах усёй краіны.
Аб сітуацыі падрабязна далажылі кіраўнікі Белстата Іна Мядзведзева, Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў, генеральны пракурор Андрэй Швед.
Выслухаўшы выступоўцаў "крытычнага блока", перайшлі да абмеркавання мер, неабходных для выпраўлення сітуацыі. Віцэ-прэм'ер Юрый Шулейка выступіў па праблеме падзяжу жывёлы.
Сваё бачанне сітуацыі выклалі кіраўнікі палат парламента Наталля Качанава і Ігар Сергяенка. Апошні таксама з'яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком Прэзідэнта ў Віцебскай вобласці.
Выслухалі таксама меркаванне былых старшынь Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца і Мікалая Шарснёва, кіраўнікоў шэрага прадпрыемстваў.