Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

19 Крс 2016

Сямашка: Будаўніцтва Беларускай АЭС ідзе ў адпаведнасці з планам

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Будаўніцтва Беларускай АЭС ідзе ў адпаведнасці з планам. Аб гэтым заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка на адкрыцці міжнароднай выстаўкі і канферэнцыі "Атамэкспа-Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы ідзе ў адпаведнасці з планам. Мы плануем запусціць першы энергаблок да канца 2018 года, другі - да 1 ліпеня 2020 года", - сказаў Уладзімір Сямашка. Праект рэалізуецца пры ўдзеле дзяржкарпарацыі "Расатам".

"Для Беларусі гэта ва ўсіх адносінах важны і адказны праект, паколькі такім чынам мы дабіваемся дыверсіфікацыі крыніц энергіі. Для нас гэта вельмі важна, паколькі мы залежым перш за ўсё ад газу і нафты", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Акрамя таго, на думку Уладзіміра Сямашкі, будаўніцтва атамнай станцыі будзе садзейнічаць уздыму агульнага тэхналагічнага і навуковага ўзроўню краіны.

VIII Міжнародная выстаўка і канферэнцыя "Атамэкспа-Беларусь" праходзяць з 19 па 21 красавіка ў "БелЭкспа" ў Мінску. Дзелавая праграма мерапрыемства ўключае канферэнцыю з правядзеннем пленарнага пасяджэння і круглых сталоў, дзе асноўнымі тэмамі абмеркавання стануць "Інавацыйныя тэхналогіі для розных галін прамысловасці", "Грамадская прымальнасць атамнай энергетыкі", "Развіццё ядзернай інфраструктуры" і "Будаўнічыя тэхналогіі, матэрыялы, абсталяванне, што прымяняюцца пры ўзвядзенні АЭС. Сучасныя прыборы і абсталяванне для АЭС і атамнай прамысловасці".

У рабоце выстаўкі і канферэнцыі прымаюць удзел вядучыя расійскія і беларускія прадпрыемствы, якія прадставяць прадукцыю і паслугі для атамнай галіны: група кампаній ASE, паліўная кампанія Расатама "ТВЭЛ", АТ "Атамэнергапрам", АТ "Атамэнергамаш", АТ "Русатам Сэрвіс", ААТ "Іжорскія заводы", АТ "Канцэрн Расэнергаатам", ДВА "Белэнерга", ДП "Беларуская АЭС", ААТ "Магілёўліфтмаш", УП "Атамтэх", ААТ "Беларускабель", ТАА "Завод электрамантажных вырабаў", ААТ "МЭТЗ імя В.І. Казлова" і іншыя.

"Атамэкспа-Беларусь" праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства энергетыкі Беларусі пры падтрымцы дзяржкарпарацыі "Расатам". Аператарам ад беларускага боку выступае нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа", ад расійскага - кампанія ТАА "Атамэкспа".

Беларуская АЭС - праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу АЭС-2006, які рэалізуецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). БелАЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт. У адпаведнасці з генеральным кантрактам на будаўніцтва станцыі першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2018 годзе, другі - у 2020 годзе.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі