21 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка прапанаваў падтрымаць распрацоўку новага праекта Саюзнай дзяржавы на 2028-2030 гады па прадаўжэнні правядзення работ у Брэсцкай крэпасці. Аб гэтым ішла размова 21 чэрвеня ў час 70-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Спікер адзначыў, што ў бягучым годзе завяршаюцца работы па праекце Саюзнай дзяржавы "Капітальны рамонт, рэстаўрацыя, рэканструкцыя, музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой".
"Улічваючы значнасць і маштаб гэтага гістарычнага аб'екта, прапаную падтрымаць распрацоўку новага праекта Саюзнай дзяржавы на 2028-2030 гады па прадаўжэнні правядзення работ на мемарыяльным комплексе", - сказаў Ігар Сергяенка. Паводле яго слоў, гэта будзе садзейнічаць захаванню культурнай і гістарычнай памяці, патрыятычнаму выхаванню моладзі, павелічэнню турыстычнага патэнцыялу Саюзнай дзяржавы.
З улікам стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Расіяй самай пільнай увагі па-ранейшаму заслугоўвае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, звярнуў увагу першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу. "Мы бачым паспяховы рост узаемнага тавараабароту Беларусі і Расіі. За апошнія пяць гадоў гэты паказчык вырас амаль у 1,4 раза. І першыя чатыры месяцы 2026 года прадаўжаюць дэманстраваць дадатную дынаміку двухбаковага гандлю", - звярнуў ён увагу, падкрэсліўшы, што спыняцца на дасягнутым нельга.


Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама ўказаў, што восенню бягучага года плануюцца парламенцкія выбары ў Расійскай Федэрацыі. Беларускія дэпутаты ў складзе місій СНД і ШАС прымуць удзел у назіранні за іх правядзеннем. Ігар Сергяенка ўказаў на мэтазгоднасць своечасовага фарміравання маніторынгавай групы Парламенцкага сходу і запэўніў у падтрымцы і аб'ектыўнай ацэнцы выбараў.
Паводле слоў спікера, дзейнасць Парламенцкага сходу ва ўмовах няспыннага знешняга націску, вядзення, па сутнасці, проксі-вайны супраць Беларусі і Расіі мае асаблівае значэнне.
Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што сёлета Беларусь і Расія адзначылі 30-годдзе з дня падпісання пагаднення аб Парламенцкім сходзе Супольнасці Расіі і Беларусі. Дзякуючы лідарам дзвюх краін Мінску і Маскве ўдалося шмат чаго дабіцца ў сферы інтэграцыі.
Правядзенне 70-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ўключана ў праграму форуму "Вялікая спадчына - агульная будучыня", які праходзіць у Брэсце. Ігар Сергяенка выказаў перакананасць, што форум будзе прырастаць новымі ўдзельнікамі і стане эфектыўнай пляцоўкай для выпрацоўкі кансалідаваных пазіцый і эфектыўных рашэнняў па абароне гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.