22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Танзанія падпісалі чатыры мемарандумы ў розных сферах па выніках сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына і прэм'ер-міністра Аб'яднанай Рэспублікі Танзанія Касіма Маджаліва Маджаліва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Так, па выніках сустрэчы падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі замежных спраў аб палітычных кансультацыях. Бакі таксама заключылі мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Танзаніі аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі.
Акрамя таго, мемарандум аб узаемаразуменні заключаны паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам адукацыі, навукі і тэхналогій Танзаніі аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі.
Чацвёртым дакументам стаў мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Гандлёва-прамысловай і сельскагаспадарчай палатай Танзаніі.
Пасля сустрэчы прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын расказаў журналістам, што ў бакоў адбыліся адкрытыя прадметныя перагаворы па асноўных напрамках узаемадзеяння Беларусі і Танзаніі. "Мы абмеркавалі сумесныя крокі па развіцці палітычнага і міжведамаснага дыялогу, абмеркавалі шляхі развіцця двухбаковага гандлю, супрацоўніцтва ў галіне харчовай бяспекі", - падкрэсліў ён.
Улічваючы, што Беларусь мае вопыт работы на Афрыканскім кантыненце ў сферы паставак сельскагаспадарчай тэхнікі, Танзаніі прапанаваны вопыт і тэхналогіі ў сферы мадэрнізацыі і механізацыі сельскай гаспадаркі, у сферы аховы здароўя, фармацэўтыкі, адукацыі, навукі і іншых галінах. "Падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў, якія прызначаны актывізаваць узаемадзеянне, выбудаваць новыя ўстойлівыя сувязі ў дыпламатычнай, сельскагаспадарчай і адукацыйнай сферах, а таксама паміж дзелавымі коламі Беларусі і Танзаніі", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
Прэм'ер-міністр Беларусі дадаў, што ў час візіту дэлегацыя Танзаніі азнаёміцца з прамысловым, сельскагаспадарчым, адукацыйным патэнцыялам нашай краіны - у прыватнасці, МТЗ, БЕЛАЗ, "Белмедпрэпараты", БДАТУ, МЗКЦ. "Насычаная праграма ў поўнай меры дэманструе, што Беларусь разглядае Танзанію як важнага палітычнага і гандлёва-эканамічнага партнёра ва Усходняй Афрыцы, - сказаў ён. - Умацаванне дружалюбных адносін з дзяржавамі Афрыканскага кантынента і нарошчванне шматпланавых гандлёва-эканамічных сувязей - гэта тыя задачы дзяржаўнай палітыкі, якім Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўдзяляе павышаную ўвагу".