20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўказаў на хібы ў навядзенні парадку і добраўпарадкавання. Адпаведныя заявы ён зрабіў на нарадзе па пытаннях абыходжання з адходамі і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт пацікавіўся, якія прапановы ёсць ва ўрада па мерах адказнасці за аб'ектыўныя парушэнні правіл добраўпарадкавання і парадку на зямлі. "Для грамадзян гэта, напрыклад, неабкошаныя ўчасткі, платы, якія пакасіліся, смецце на прысядзібнай тэрыторыі і да таго падобнае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Глядзіце, каб у нас не было непрыемнай размовы да Новага года. Вы ведаеце, я чалавек рухавы. Я магу паглядзець. Вось я аб'ехаў у суботу ўсе вёскі поўначы нашага Мінскага раёна. Сеў і паехаў. Гляджу палі, гляджу, як вы там гаспадарыце. Бардак поўны. Прашу вас мець гэта на ўвазе. Размова будзе вельмі жорсткая".
Што датычыцца добраўпарадкавання, Аляксандр Лукашэнка даў дакладныя і прадметныя ўказанні. Калі гаворка пра адзінокага пенсіянера, інваліда - мясцовыя органы ўлады павінны дапамагчы, а сельскі савет гэта павінен арганізаваць. А калі ёсць здаровыя дзеці, унукі і гэтак далей, то гэта павінна быць ужо іх сферай адказнасці. "Не - рублём прымушайце", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, аналагічна павінна быць і на тэрыторыі прадпрыемстваў: "Можа быць бедна, але чыста. Гэта не мной прыдумана - гэта за шмат гадоў складзеныя традыцыі элементарнага парадку ва ўсім. Як гаварыў класік, "разруха не ў клазетах, а ў галовах".
20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў, як жахнуўся несанкцыянаваным звалкам у Мінскім раёне. На гэта ён звярнуў увагу на нарадзе па пытаннях абыходжання з адходамі і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пакуль поўнасцю не вырашаны пытанні кантэйнернага збору камунальных адходаў. "Дачнікі, жыхары малых гарадоў часта проста не ведаюць, куды выкідваць непатрэбнае. Ведаюць... Я, можна сказаць, выпадкова (выявіў. - Заўвага БЕЛТА). Вось я прэм'еру гаварыў - у яго вобласці ўчарашняй (Аляксандр Турчын да прэм'ерскай пасады ўзначальваў Мінскі аблвыканкам. - Заўвага БЕЛТА) па Мінскім раёне. Я праехаў і жахнуўся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мінскі раён - гэта аддалены раён горада-героя Мінска. Што там робіцца - гэта кашмар. Адразу на ўскраіне лесу, ніхто не турбуе сябе: заехаў самазвал, выкінулі... Чаго толькі няма! Я спецыяльна спыніўся, паглядзеў: старыя халадзільнікі, пластмаса, шкло, рознае бытавое смецце. Гэта пад Мінскам!" - падкрэсліў ён.