7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Афрыка - адзін з важнейшых напрамкаў міжпарламенцкага супрацоўніцтва для Беларусі, заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адбылося пасяджэнне Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты абмеркавалі актуальныя пытанні развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва з парламентамі афрыканскіх краін у кантэксце нацыянальных знешнепалітычных задач. На парадку дня быў таксама праект закона "Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Уганда аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў". Сяргей Рачкоў адзначыў, што Прэзідэнт Беларусі ў час нарады з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў зноў зрабіў акцэнт на актывізацыі пашырэння супрацоўніцтва нашай краіны з краінамі Афрыкі.
"Пастаўлены канкрэтныя задачы. Перш за ўсё,у гандлёва-эканамічнай сферы дасягнуць узроўню $1-1,5 млрд экспарту беларускіх тавараў у краіны Афрыкі. МЗС і іншымі ведамствамі ў апошнія гады дасягнуты пэўныя вынікі ў рабоце на афрыканскім напрамку. Развіваюцца кантакты з краінамі Афрыкі і па парламенцкай лініі. У Нацыянальным сходзе створаны рабочыя групы па ўзаемадзеянні з парламентамі Алжыра, Егіпта, Зімбабвэ, Кеніі, Экватарыяльнай Гвінеі, ПАР. Мы актыўна праводзім візіты, абменьваемся сустрэчамі", - сказаў Сяргей Рачкоў.
Па выніках абмеркавання прынята рашэнне рэкамендаваць Палаце прадстаўнікоў уключыць законапраект "Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Уганда аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў" у парадак дня трэцяй сесіі. Пагадненнем прадугледжваецца, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Уганда - уладальнікі дзеючых дыпламатычных і службовых пашпартоў вызваляюцца ад неабходнасці атрымання віз для ўезду, знаходжання, выезду або перамяшчэння транзітам па тэрыторыі дзяржавы іншага боку на працягу перыяду, які не перавышае 30 дзён з даты ўезду. Пры гэтым агульная працягласць іх знаходжання на тэрыторыі дзяржавы іншага боку не павінна перавышаць 90 дзён на працягу аднаго каляндарнага года. Ратыфікацыя і рэалізацыя палажэнняў гэтага міжнароднага дагавора будзе садзейнічаць умацаванню двухбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах.