28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На палях ІІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Максім Рыжанкоў правёў двухбаковыя сустрэчы з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым і міністрам замежных спраў Венгрыі Петэрам Сіярта. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.
У ходзе сустрэчы 27 кастрычніка з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Расіі абмеркаваны актуальныя пытанні развіцця двухбаковага палітычнага дыялогу і планы сумесных мерапрыемстваў. Асаблівая ўвага была ўдзелена падрыхтоўцы да будучага пасяджэння сумеснай калегіі міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі.
Акрамя таго, міністры падрабязна спыніліся на тэме забеспячэння рэгіянальнай бяспекі ва ўмовах усё большай напружанасці на еўрапейскім кантыненце, а таксама яе ўплыву на Рэспубліку Беларусь.
У час перагавораў 28 кастрычніка з кіраўніком венгерскага дыпламатычнага ведамства бакі абмяняліся думкамі па ключавых пытаннях міжнароднага парадку дня. Асноўнай тэмай сустрэчы стаў ход рэалізацыі рашэнняў, дасягнутых у ходзе 13-га пасяджэння беларуска-венгерскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, якое адбылося ў Мінску 10 верасня 2025 года.
Бакі таксама абмеркавалі праблему існуючых выклікаў і пагроз у рэгіёне Усходняй Еўропы, а таксама шляхі іх больш хуткага ўрэгулявання.


Фотa МЗС