18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыя Дзяржаўнага дэпартамента ЗША на чале з намеснікам памочніка дзяржсакратара Брыджыт Брынк абмеркавала сёння ў МЗС Беларусі магчымасці супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.
Прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША сустрэліся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. "Бакі абмеркавалі стан беларуска-амерыканскіх адносін і перспектывы іх развіцця, абмяняліся меркаваннямі наконт сітуацыі ў Еўрапейскім рэгіёне", - сказалі ў прэс-службе МЗС.
З дэлегацыяй таксама сустрэлася намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. "На сустрэчы былі дэталёва абмеркаваны пытанні развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, асабліва ў галіне эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама магчымасці супрацоўніцтва па асобных напрамках у міжнародных арганізацыях", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Трэці раўнд беларуска-амерыканскага дыялогу па правах чалавека прайшоў у Мінску, у час яго прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі і ЗША абмяняліся меркаваннямі па тэматыцы правоў чалавека, абмеркавалі асобныя пытанні, па якіх пазіцыі бакоў разыходзяцца.