28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская партыя "Белая Русь" павінна фарміравацца як асобная палітычная сіла. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў на ІІІ З'ездзе Беларускай партыі "Белая Русь" у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Задача нумар адзін - усвядоміць, што палітычная партыя, нягледзячы на тое, што выйшла з грамадскага аб'яднання "Белая Русь", павінна фарміравацца як асобная палітычная сіла. Пачаць займацца асобнай палітычнай дзейнасцю. Задумы ад нававыбранага старшыні партыі мы пачулі. Як кажуць, у добры шлях", - сказаў Уладзімір Пярцоў.
Паводле яго слоў, у дзейнасці партыі павінна быць больш адказнасці і менш фармалізму. Большы акцэнт неабходна зрабіць на ўключэнні і рэкрутаванні ў свае рады тых сацыяльна актыўных людзей, якія не ўключаны ў грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі, у тым ліку на камерцыйных прадпрыемствах розных форм уласнасці. "Такіх шмат. Давайце будзем ісці ў тыя прадпрыемствы і арганізацыі, у якіх не створаны яшчэ ячэйкі нават прафсаюзнай арганізацыі, не кажучы ўжо аб ячэйках грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. Дырэктыва нумар 12 стварае вам дзяржаўную прававую аснову для гэтай работы. Як вы памятаеце, ідэалагічная работа распаўсюджваецца на суб'екты гаспадарання ўсіх форм уласнасці", - адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
"Ваша дзейнасць павінна адлюстроўваць інтарэсы большасці грамадзян нашай краіны. Не толькі членаў палітычнай партыі і грамадскага аб'яднання. Пастарайцеся ўключаць у сваю работу і тых, хто пакуль не стаў членам вашай партыі. Можа, праз вашы актыўнасці, праз вашы мерапрыемствы вы дастукаецеся да сэрцаў тых людзей, якія і з'яўляюцца асноўнай мэтавай аўдыторыяй для нашых апанентаў. Хто не ўключаны, не задзейнічаны, сумняваецца. Там, дзе недапрацоўваем мы, там, дзе ўтвараецца ідэалагічны вакуум, - ён хутка запаўняецца нашымі апанентамі, якія знаходзяць падыходы праз альтэрнатыўныя сродкі камунікацыі, не маючы фізічнай магчымасці твар у твар сустракацца, камунікаваць з нашым насельніцтвам. Мы не можам гэтага дапусціць, - падкрэсліў Уладзімір Пярцоў. Мы добра разумеем, што нашымі апанентамі пасля 2020 года таксама праведзена пэўная работа над памылкамі. Мы разумеем, што далей будзе больш жорстка, што далей яны будуць працаваць больш актыўна не толькі праз элементы мяккай сілы і сродкі масавай камунікацыі, сацыяльныя сеткі і мэсэнджары, дзе вы таксама павінны быць больш актыўнымі".
Партыі трэба падключыцца да вырашэння праблем простых грамадзян. "Знаходзьце магчымасць вострых публікацый, узняцця вострых тэм і разам з органамі дзяржаўнай улады - вырашэння надзённых праблем простага чалавека, які пражывае ў сталіцы і ў кожным рэгіёне нашай краіны", - дапоўніў Уладзімір Пярцоў.
З сённяшняга дня Беларускую партыю "Белая Русь" узначаліла Вольга Чамаданава. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Вышэйшага палітычнага савета Беларускай партыі "Белая Русь" з удзелам дэлегатаў ІІІ З'езда партыі.