19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інданезія - адзін з вядучых партнёраў Беларусі ў Азіі, заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Іпатаў у час сустрэчы з дэлегацыяй інданезійскіх парламентарыяў на чале са старшынёй групы двухбаковага супрацоўніцтва Савета народных прадстаўнікоў Рэспублікі Інданезія з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь Ісфханам Тофікам Мунгаранам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Інданезія з'яўляецца адным з вядучых партнёраў Рэспублікі Беларусь у сферы эканомікі ў Азіі, - сказаў Вадзім Іпатаў. - Упэўнены, што нашы краіны могуць выйсці на новы ўзровень інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Запрашаем інданезійскую бізнес-супольнасць да пошуку перспектыўных шляхоў развіцця гандлю з краінамі еўразійскага рэгіёна з выкарыстаннем магчымасцей інфраструктуры індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Па выніках мінулага года Інданезія стала трэцім стратэгічным рынкам для беларускага хлорыстага калію. Значныя пастаўкі беларускіх калійных угнаенняў адыгрываюць істотную ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі вашай краіны. У нас ёсць магчымасць павялічыць іх аб'ём".
Беларускія прадпрыемствы гатовы нарошчваць пастаўкі шырокага спектра прадукцыі сусветнай якасці ў Інданезію: кар'ерных самазвалаў, трактароў, іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, прыбораў аховы і бяспекі, медыцынскага абсталявання, адзначыў віцэ-спікер. "Мы ведаем, што ў Інданезіі ёсць патрэбнасць у нашай тэхніцы. Так, беларуская кампанія "БЕЛАЗ" займае 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Мінскі трактарны завод уваходзіць у васьмёрку буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце", - падкрэсліў ён.
"Развіццю супрацоўніцтва па ўсіх напрамках будзе ў значнай меры садзейнічаць пашырэнне дыпламатычнай прысутнасці ў Беларусі. Разлічваем, што планы па адкрыцці пасольства (або аддзялення пасольства) Інданезіі ў Беларусі спраўдзяцца ў бліжэйшы час. Будзем вітаць садзейнічанне парламентарыяў у прыняцці станоўчага рашэння па гэтым пытанні, - дапоўніў Вадзім Іпатаў. - Перакананы, што, абапіраючыся на традыцыі дружбы і ўзаемаразумення, мы прадоўжым сумесную работу. Наша задача - і далей раскрываць маштабны, сапраўды невычэрпны патэнцыял двухбаковых сувязей на карысць нашых краін і народаў".
Па запрашэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу інданезійская парламенцкая дэлегацыя на чале са старшынёй групы двухбаковага супрацоўніцтва Савета народных прадстаўнікоў Рэспублікі Інданезія з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь Ісфханам Тофікам Мунгаранам наведвае нашу краіну з візітам у перыяд з 18 па 22 жніўня. У ходзе візіту адбудзецца сумеснае пасяджэнне рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Парламентам Рэспублікі Інданезія і групы двухбаковага супрацоўніцтва Савета народных прадстаўнікоў Рэспублікі Інданезія з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Прадугледжана абмеркаванне шырокага кола пытанняў міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, гандлёва-эканамічнага і культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва, а таксама абмен вопытам заканатворчай дзейнасці.
У Нацыянальным сходзе восьмага склікання рабочая група па супрацоўніцтве з парламентам Рэспублікі Інданезія створана ў маі 2024 года. Кіраўніком групы з'яўляецца старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Ірына Касцевіч.