22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў ядзернай сферы не нясе пагроз трэцім краінам. З такой заявай выступіла пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у час дыскусіі па пытаннях ядзернага ўзбраення ў рамках пасяджэння Першага камітэта Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, паведамляе БЕЛТА.
Прадстаўнік беларускай дэлегацыі падкрэсліў, што рэспубліка цалкам прыхільна да захавання і ўмацавання Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі і рэжыму ядзернага нераспаўсюджвання ў цэлым. У той жа час, звярнуў увагу беларускі дыпламат, сёння ва ўмовах адсутнасці ў дзяржаў надзейных гарантый бяспекі і рэальных мер даверу ўзрастае роля ядзернага стрымлівання.
"На фоне сур'ёзнай эскалацыі ваенна-палітычнай напружанасці ў рэгіёне, нарошчвання на тэрыторыі суседніх дзяржаў - членаў НАТА ваеннага патэнцыялу ў непасрэднай блізкасці ад нашых граніц Беларусь вымушана рэагаваць на гэтыя выклікі і рызыкі для нацыянальнай бяспекі. Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў ядзернай сферы не нясе пагроз трэцім краінам, ажыццяўляецца ў рамках міжнароднага права і ў строгай адпаведнасці з палажэннямі ДНЯЗ", - заявілі ў дыпмісіі.
У пастаянным прадстаўніцтве Беларусі падкрэслілі, што такое супрацоўніцтва не з'яўляецца чымсьці новым, а даўно практыкуецца, напрыклад, у НАТА ў фармаце так званых сумесных ядзерных місій і размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі няядзерных краін альянсу ў Еўропе.