3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кеніі Дзмітрый Красоўскі ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Кеніі Уільяму Рута. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў.
Дзмітрый Красоўскі перадаў словы прывітання і асаблівай падзякі ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі за цёплы прыём, аказаны ў час яго візіту ў Кенію ў снежні 2023 года, а таксама пажаданні дружбы і супрацоўніцтва.
Пасол пацвердзіў прыхільнасць Беларусі да далейшага ўмацавання партнёрскіх адносін з Кеніяй ва ўсіх сферах: палітычнай, гандлёва-эканамічнай, адукацыйнай і культурнай. Беларускі дыпламат таксама аднавіў запрашэнне Прэзідэнту Кеніі зрабіць першы афіцыйны візіт у Беларусь. Дзмітрый Красоўскі адзначыў, што такі візіт стаў бы важнай вяхой у развіцці беларуска-кенійскіх адносін.
На заканчэнне цырымоніі Прэзідэнт Кеніі пажадаў паслу Беларусі ўдачы і выказаў надзею на плённую сумесную работу.