28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работа па наладжванні ўзаемадзеяння Беларусі з Бразіліяй вядзецца комплексна. Аб гэтым заявіў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Бразілія і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Парагвай і Усходняй Рэспубліцы Уругвай Андрэй Андрэеў на палях штогадовага семінара кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь у Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Андрэя Андрэева, семінар - гэта зверка гадзіннікаў, падвядзенне вынікаў работы па выкананні задач на гандлёва-эканамічным напрамку і пастаноўка новых задач. "Па выніках семінара плануем выбудоўваць работу кропкава, канкрэтна па тых напрамках, праектах, якія будуць разгледжаны дэталёва ў час рабочых сустрэч з кіраўніцтвам міністэрстваў, канцэрнаў і асобных прадпрыемстваў. Таму такі фармат з'яўляецца неабходным для тактычнага і стратэгічнага карэкціравання дыпламатычнай дзейнасці загранустаноў з акцэнтам на гандлёва-эканамічным складніку", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік дыпмісіі звярнуў увагу, што задача пасольства - прадаўжаць на аснове ўжо дасягнутых вынікаў развіваць супрацоўніцтва па розных напрамках. Ён падзяліўся, што за мінулыя паўгода былі арганізаваны візіты чатырох беларускіх дэлегацый у Бразілію. "Дасягнуты дамоўленасці па пашырэнні парламенцкага супрацоўніцтва па лініі абедзвюх палат. Былі ажыццёўлены сустрэчы на палітычным узроўні. Падпісана пагадненне паміж БРСМ і Саюзам моладзі Бразіліі. Усе дамоўленасці, якія былі дасягнуты, у сваёй аснове маюць гандлёва-эканамічны складнік", - дадаў ён.
Паводле яго слоў, у хуткім часе чакаецца візіт дэлегацыі Бразіліі ў Мінск. "Працуем над арганізацыяй візіту ў верасні ў Мінск кіраўніцтва сталіцы Бразіліі, у тым ліку па лініі дзелавых колаў, для правядзення прадметных перагавораў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама заключэння пагаднення аб пабрацімскіх сувязях", - сказаў дыпламат.
Пасол звярнуў увагу на важнасць таго, што Бразілія ў гэтым годзе старшынствуе ў БРІКС. Беларускія дэлегацыі ўдзельнічалі ў мерапрыемствах па лініі БРІКС. "Нашы падыходы па лініі шматбаковага супрацоўніцтва шмат у чым супадаюць з падыходамі краін Глабальнага Поўдня, - удакладніў ён. - У Беларусі і Бразіліі шмат сумесных пунктаў гледжання на глабальныя пытанні захавання міру, устойлівага развіцця, сацыяльна-эканамічнага развіцця нашых краін".
Дыпламат таксама дадаў, што ўсе двухбаковыя праекты накіраваны перш за ўсё на рост сацыяльна-эканамічнага развіцця абедзвюх краін. "Бразілія - буйнейшая краіна, сусветны лідар, у яе вялікі эканамічны патэнцыял, і наша задача - выбудоўваць адпаведны трэк з гэтай краінай, перш за ўсё ў напрамку ўстойлівага ўзаемадапаўняльнага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва па многіх напрамках", - рэзюмаваў пасол.