7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння на 89-м годзе жыцця памёр народны пісьменнік Беларусі, ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы празаік і публіцыст Мікалай Чаргінец, паведамілі БЕЛТА ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі.
"Сучасную беларускую літаратуру ў апошнія паўстагоддзя нельга ўявіць без Мікалая Чаргінца, - сказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. - Яго раманы аб міліцыі, савецкіх воінах-афганцах, палітычныя і крымінальныя дэтэктывы - гэта кнігі літаратара, які пражыў шматграннае жыццё, увабраў у сябе ўсё, чым жыў, жыве народ Беларусі. З нядаўніх твораў - раман аб Вялікай Айчыннай вайне "Аперацыя "Кроў". Аб вайне, усе жахі якой будучы пісьменнік на свае вочы бачыў у акупіраваным фашыстамі Мінску. Да апошніх дзён жыцця Мікалай Іванавіч працаваў над цыклам мемуарных кніг, у якіх расказваў аб нашай краіне і сучасніках".
Мікалай Іванавіч нарадзіўся 17 кастрычніка 1937 г. у Мінску. Яго дзяцінства прыпала на ваенныя гады. Акупацыю сям'я Чаргінец перажыла ў Мінску, а бацька будучага пісьменніка ваяваў на фронце. У 1963 годзе скончыў Вышэйшую школу трэнераў. Пасля гэтага паступіў на журфак, бо марыў быць спартыўным журналістам. Скончыў два курсы і перавёўся на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці "правазнаўства", які скончыў у 1969 годзе.
Пасля вучобы пачаў служыць у органах унутраных спраў, дзе прайшоў шлях ад радавога супрацоўніка да начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. З 1984 па 1987 год удзельнічаў у вайне ў Афганістане. З 1987 па 1993 год займаў пасаду начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў на транспарце Міністэрства ўнутраных спраў. З 1993 па 1997 год быў старшынёй Камітэта па сацыяльнай абароне ваеннаслужачых, ветэранаў вайны і ўвекавечання памяці загінулых пры Савеце Міністраў.
З 1997 па 2008 год узначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. З 1988 па 2008 год быў дэлегатам Беларусі ў ААН. Прымаў актыўны ўдзел у стварэнні і ўмацаванні Саюзнай дзяржавы, у распрацоўцы прававых актаў СНД, быў ініцыятарам і выканаўцам рашэння СНД аб уваходжанні ў Міжпарламенцкую асамблею АБСЕ і іншых ініцыятыў на міжнароднай арэне па лініі СНД.
Літаратурнай дзейнасцю Мікалай Іванавіч пачаў займацца ў 1970 годзе. Ён аўтар больш як 50 навуковых прац і звыш 40 мастацкіх твораў, ім напісаны некалькі сцэнарыяў да мастацкіх кінафільмаў. Яго кнігі перакладзены больш чым на 15 моў. Многія раманы ўнесены ў спіс лепшых твораў свету.
8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным і блізкім народнага пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча Мікалая Чаргінца. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Прыміце шчырыя спачуванні ў сувязі са смерцю Мікалая Іванавіча Чаргінца - выдатнага пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча. Уласцівыя Мікалаю Іванавічу чалавечнасць і прыстойнасць разам з вопытам баявога афіцэра і жыццёвай мудрасцю сталі асновай творчага поспеху і народнага прызнання. Яго шматгранная дзейнасць пакінула значны след у грамадскім і культурным жыцці Беларусі і з'яўляецца яркім прыкладам беззапаветнага служэння Айчыне", - гаворыцца ў спачуванні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што светлая памяць аб гэтым цудоўным чалавеку назаўсёды застанецца ў гісторыі краіны і сэрцах беларусаў.