26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой наведвае Кітайскую Народную Рэспубліку з афіцыйным візітам. Аб гэтым паведамляе карэспандэнт БЕЛТА са спасылкай на Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі.
Паездка ажыццяўляецца па запрашэнні Міжнароднага аддзела Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая ў мэтах далейшага развіцця і практычнага напаўнення ўсталяванага лідарамі Беларусі і КНР усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі.
Дзмітрый Крутой наведаў г. Сіянь, сталіцу правінцыі Шэньсі. Размешчаны ў гэтым рэгіёне цэнтральнага Кітая міжнародны лагістычны цэнтр выступае зыходным пунктам сучаснага "Шаўковага шляху", дзе фарміруецца грузапаток па маршруце Кітай - Еўропа - Кітай, які праходзіць праз Беларусь, а таксама апрацоўваецца вялікі аб'ём грузаў у двухбаковых перавозках.
У ходзе перагавораў з кіраўніцтвам гэтага буйнейшага кітайскага "сухога порта" кіраўнік Адміністрацыі падрабязна абмеркаваў перспектывы нарошчвання перавозак у двухбаковых і транзітных зносінах з апорай на магчымасці Беларускай чыгункі, а таксама на патэнцыял Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень".
Акрамя таго, адбылася цырымонія падпісання двухбаковага дакумента паміж ЗАТ "Еўразійскі чыгуначны гейтвэй" і ТАА "Міжнародная партовая група Сіяня", якім прадугледжана развіццё чыгуначнага кантэйнернага тэрмінала "Грэйтпорт", што будуецца ў парку.



Тэма ўмацавання міжрэгіянальнага супрацоўніцтва была цэнтральнай на сустрэчы Дзмітрыя Крутога з Чжаа Ідэ, сакратаром парткама правінцыі Шэньсі, якая з 2021 года з'яўляецца пабрацімам Магілёўскай вобласці. З улікам паспяховага вопыту работы шэньсійскіх кампаній у якасці рэзідэнтаў "Вялікага каменя" субяседнікі таксама абмеркавалі магчымасці нарошчвання інвестыцыйнай актыўнасці як на Магілёўшчыне, так і ў Беларусі ў цэлым.
Бакі адзначылі высокі тэмп развіцця гуманітарнага ўзаемадзеяння: у 2018 годзе ў Сіяньскім універсітэце замежных моў зарэгістраваны Цэнтр вывучэння Беларусі, уведзена спецыяльнасць па вывучэнні беларускай мовы і культуры.
У цэлым беларускія ВНУ падпісалі пагадненні з пяццю ўніверсітэтамі правінцыі Шэньсі. А ў 2025 годзе пры Паўночна-заходнім політэхнічным універсітэце адкрылася першае замежнае прадстаўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Дзмітрый Крутой таксама наведаў размешчаны ў Сіяні Музей тэракотавай арміі Цынь Шыхуандзі, які з'яўляецца нацыянальным гонарам КНР і аб'ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У запісе ў Кнізе ганаровых гасцей кіраўнік Адміністрацыі пажадаў, каб падобна да гэтых воінаў, што стаяць на варце стагоддзяў, дружба паміж Беларуссю і Кітаем заставалася непарушнай і непадуладнай часу.