30 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць растлумачыў, з чым звязана рашэнне накіроўваць у армію нядобрасумленных работнікаў уборачнай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта не для таго, каб пужнуць кагосьці або папоўніць армейскія рады. Калі ты не хочаш працаваць на гэтай рабоце, мы цябе праверым на іншай. Нармальнай мужчынскай і жаночай рабоце - у арміі. Там камары, мошкі і іншае. Няхай там паслужаць. Гэта не нейкі здзек над людзьмі, мы проста даём магчымасць праявіць сябе на іншай рабоце - мужчынскай складанай рабоце", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы выказаўся аб неабходнасці выканнання дысцыпліны. Прэзідэнт упэўнены: беларусы могуць шмат чаго дасягнуць, калі на ўсіх узроўнях будзе наладжана працоўная і тэхналагічная дысцыпліна.
"Наша самая галоўная праблема - адсутнасць тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны. Усё можам, калі ёсць дысцыпліна. Дзе Прэзідэнт праехаў, там добра. Але я ж не ўсюды бываю, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба наш народ прывучаць да дысцыпліны. Будзе дысцыпліна - мы ўсё зможам".