17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная выстаўка індустрыі бяспекі "Нацыянальная бяспека. Беларусь-2026" адкрываецца сёння ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры "БелЭкспа", паведамляе БЕЛТА.
На выстаўцы, якая будзе праходзіць па 19 чэрвеня, прадэманструюць ведамасныя дасягненні і магчымасці ў галіне забеспячэння нацыянальнай бяспекі, абсталяванне і ўзбраенне, арганізацыю прафілактычнай работы і ўзаемадзеянне з грамадзянамі.
Найноўшыя дасягненні прадэманструюць, у прыватнасці, Дзяржкамваенпрам і 13 вядучых арганізацый, якія ўваходзяць у яго сістэму. Будзе прадстаўлена шырокая лінейка сродкаў радыёэлектроннай барацьбы і выяўлення, уключаючы разнастайныя ўстройствы для выяўлення, пеленгатары і блакіратары сігналаў мультыкоптараў і FPV-дронаў. Наведвальнікі ўбачаць дасягненні ў галіне беспілотнай авіяцыі і абароны лятальных апаратаў. Сярод іншага на адкрытай пляцоўцы будуць выстаўлены ўдарныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы.





На палях ІІІ Міжнароднай выстаўкі індустрыі бяспекі арганізавана шырокая дзелавая праграма. У першы дзень адбудзецца адкрытая панэльная дыскусія "Навукова-тэхнічнае і інавацыйнае забеспячэнне нацыянальнай бяспекі дзяржавы", а таксама шостая навукова-практычная канферэнцыя "Асноўныя напрамкі ўдасканалення сістэмы нацыянальнай бяспекі".
Дзелавая праграма прадоўжыцца на другі дзень канферэнцыяй "Галасавая кібербяспека ва ўмовах комплекснай лічбавізацыі прамысловасці", II Ваенна-эканамічнай канферэнцыяй АДКБ "Развіццё супрацоўніцтва абаронна-прамысловых (ваенна-прамысловых) комплексаў дзяржаў - членаў АДКБ: 20 гадоў практычнага ўзаемадзеяння", круглым сталом "Забеспячэнне нацыянальнай бяспекі праз прызму рэалізацыі дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм" і інш.
Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі Беларусі, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі і Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа".




