Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

6 Apr 2021

"Мы ўбачылі, хто ёсць хто" - Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з замежнымі фондамі і НКА


6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе па знешнепалітычнай тэматыцы запатрабаваў разабрацца з работай замежных фондаў, фінансуемых з-за мяжы некамерцыйных арганізацый і іншых такіх структур, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я хацеў бы сёння пачуць канкрэтныя прапановы па вяртанні да паслядоўнай, праактыўнай палітыкі з Польшчай. Мы не збіраемся ні з кім ваяваць, не хочам ні з кім ваяваць, але калі толькі да нас будуць вось такім чынам адносіцца, як гэта было ў канцы мінулага года і цяпер, па мордзе атрымаюць і вельмі моцна, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І нам хопіць быць нейкімі пасіўнымі наглядальнікамі: там, дзе трэба, мы павінны рэагаваць адэкватна, як гэта было ў Брэсце і Гродне. Але мы нікуды не дзенемся ад таго, каб размаўляць на нармальнай мове з нашымі суседзямі".

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на работу мясцовых органаў улады, у якіх "пад бокам разгарнулі сваю дзейнасць дэструктыўныя структуры".

"Даўно трэба было правесці праверкі курсаў вывучэння моў, скаўцкіх арганізацый і іншых падобных да іх структур, якія кіруюцца і фінансуюцца з-за мяжы. І вельмі сумна, што наш новы ва ўрадзе чалавек, які адказвае за нацыянальныя і рэлігійныя адносіны, не заўважыў гэтага і не пачаў сваю работу з гэтага. Гэта вам урок! Такіх праблем няшмат, але яны ёсць. Вазьміце ў свае рукі і разбярыцеся", - даў даручэнне кіраўнік дзяржавы ўпаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандру Румаку.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: з усімі сумніўнымі аб'яднаннямі і ўстановамі трэба разабрацца прынцыпова. Гэта датычыцца таксама розных фондаў. "Гэта ўжо справа кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта арганізаваць работу і ўсіх іх перарэгістраваць. Мы не збіраемся выразаць тых, хто карысць прыносіць дзяржаве. Але мы ўбачылі, хто ёсць хто. Таму іх трэба прывесці ў прытомнасць. Калі яны здольны працаваць на дзяржаву, мы будзем іх "цярпець" і з імі супрацоўнічаць. Не - значыць пад нож, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Гэта ж нядобра, калі гэтыя структуры, існуючы ў Беларусі, уцягваюць моладзь у антыдзяржаўную дзейнасць, арганізуюць уцечку кваліфікаваных кадраў за мяжу. Дзякуй богу, цяпер гэты паток знізіўся, таму што ўбачылі, хто ёсць хто".

Таксама, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба вельмі сур'ёзна "папрацаваць над прадстаўленнем грамадскасці і заходнім партнёрам так званага польскага пытання". "На Захадзе не ўсе разумеюць, што адбываецца на самай справе. Адпаведны план, як я ўжо сказаў, рэалізуецца, але трэба паскорыць гэту работу. Трэба актыўней развіваць тэмы праследавання этнічных беларусаў у міжваенны і пасляваенны перыяды, дзейнасці польскіх нацыяналістычных бандфарміраванняў (і не толькі польскіх) на нашай тэрыторыі, рэваншысцкіх імкненняў улад гэтых дзяржаў па вяртанні кантролю над асобнымі тэрыторыямі і рэгіёнамі Беларусі. У Варшаве, напрыклад, іх да гэтага часу называюць як "усходнія крэсы". Афіцыйна дзеючы Саюз палякаў у Беларусі, дзе нядаўна быў выбраны новы кіраўнік, павінен канструктыўна працаваць на карысць нашай краіны, садзейнічаючы ўмацаванню адносін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што беларускія ўлады абсалютна не ўціскаюць польскую меншасць: у гэтых грамадзян ёсць сваё аб'яднанне, з дапамогай якога яны могуць уносіць свой уклад у развіццё адносін паміж дзвюма краінамі. "Калі нешта не падабаецца, інфармуйце ўрад, Прэзідэнта - мы ўмяшаемся", - запэўніў беларускі лідар.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі