Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

4 Стд 2020

Міністрам эканомікі Беларусі назначаны Аляксандр Чарвякоў

Міністрам эканомікі Беларусі назначаны Аляксандр Чарвякоў

4 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Міністрам эканомікі Беларусі назначаны Аляксандр Чарвякоў. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да гэтага часу Аляксандр Чарвякоў працаваў на пасадзе першага намесніка міністра эканомікі. Пасада міністра заставалася вакантнай пасля назначэння Дзмітрыя Крутога першым віцэ-прэм'ерам.

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, чаму для назначэння была прапанавана менавіта кандыдатура Аляксандра Чарвякова, наколькі сур'ёзна і грунтоўна яна была прапрацавана. "Або таму, што гэта Дзмітрыю Мікалаевічу (першы віцэ-прэм'ер і былы міністр эканомікі Дзмітрый Крутой. - Заўвага БЕЛТА) выгадна будзе і зручна працаваць?" - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка запэўніў, што кандыдатура на пасаду міністра эканомікі прапрацоўвалася на альтэрнатыўнай аснове, было некалькі прэтэндэнтаў. "У выніку прыйшлі да высновы, што найбольш дастойная ва ўсіх адносінах - кандыдатура Аляксандра Чарвякова", - сказаў ён.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым заўважыў, што ў міністра эканомікі павінен прысутнічаць альтэрнатыўны погляд на працэсы, якія адбываюцца: "Тое, што Дзмітрыю Мікалаевічу будзе камфортна, - гэта нядрэнна. Але ў міністра эканомікі павінен быць не толькі свежы, але і альтэрнатыўны погляд на многія рэчы, якія будуць у прэм'ер-міністра, магчыма, у першага віцэ-прэм'ера. Я ўжо не гавару аб эканамічным блоку Адміністрацыі Прэзідэнта".

"Гэта не проста цэнтральная пасада ва ўрадзе. Нам трэба вельмі сур'ёзна арганізаваць работу Міністэрства эканомікі так, каб было добрае экспертнае меркаванне і добрыя праекты нарматыўных актаў для развіцця нашай эканомікі, аналіз павінен быць сур'ёзны", - падкрэсліў беларускі лідар.

У сваю чаргу першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой адзначыў, што Аляксандр Чарвякоў прайшоў добрую школу, у прыватнасці, працяглы час узначальваў Навукова-даследчы эканамічны інстытут Мінэканомікі. "Па сутнасці гэта структура пры Міністэрстве эканомікі, якая і генерыруе ўсе альтэрнатыўныя пункты гледжання, якія ёсць у нашай краіне. Ён быў дырэктарам інстытута, потым быў намеснікам, першым намеснікам міністра. Вёў самыя вострыя напрамкі ў нашым міністэрстве", - адрэкамендаваў першы віцэ-прэм'ер.

Аляксандр Віктаравіч Чарвякоў нарадзіўся ў 1966 годзе ў в. Бабінічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. У 1988 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію (г. Горкі Магілёўскай вобласці), у 1994 годзе - аспірантуру БДСГА.

У 1988-1991 гадах - інжынер, вядучы інжынер-механік саўгаса-камбіната "Юбілейны" Аршанскага раёна.

З 1991 па 1994 год - вучоба ў аспірантуры БДСГА.

У 1994-2010 гадах - асістэнт, выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт, дактарант кафедры механізацыі жывёлагадоўлі і электрыфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці БДСГА.

2010-2017 гады - дырэктар ДНУ "НДЭІ Мінэканомікі Рэспублікі Беларусь".

Са студзеня 2017-га - намеснік міністра эканомікі Беларусі. З лістапада 2018-га - першы намеснік міністра эканомікі.

Кандыдат тэхнічных навук (2002), дацэнт. Аўтар і суаўтар 7 манаграфій, навучальных і даведачных дапаможнікаў, звыш 90 навуковых прац, 4 вынаходак.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі