Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

1 Лют 2019

Міністр адукацыі расказаў падрабязнасці даклада Прэзідэнту Беларусі

Міністр адукацыі расказаў падрабязнасці даклада Прэзідэнту Беларусі

1 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Міністр адукацыі Ігар Карпенка расказаў журналістам падрабязнасці даклада Прэзідэнту Беларусі па перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што сістэме адукацыі ўдзяляецца пільная ўвага і кіраўніком дзяржавы, і ўрадам. "Адукацыя - важная сфера, якая хвалюе не толькі тых, хто вучыцца, але і бацькоў, бабуль, дзядуль. Усё грамадства зацікаўлена ў тым, каб сістэма адукацыі развівалася якасна, паступальна, каб яна дасягала сур'ёзных вынікаў, - адзначыў ён. - Гэтыя пытанні сур'ёзна абмяркоўваліся на Рэспубліканскім педагагічным савеце, і сёння мы павінны былі далажыць, як рэалізуюцца рашэнні савета, як выконваюцца даручэнні Прэзідэнта".

Паводле слоў міністра, асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў пытанням якасці агульнай сярэдняй адукацыі і зместу вышэйшай адукацыі ў краіне.

У сувязі з гэтым Ігар Карпенка расказаў аб некаторых новаўвядзеннях. "Мы ўвялі новую праграму, па якой займаюцца вучні 1-8-х класаў. Маніторым працэс укаранення гэтых праграм, выкарыстання падручнікаў і сёння бачым, што праграмы могуць быць удасканалены, могуць яшчэ падпраўляцца тыя ж падручнікі, мы гэты працэс вядзём пастаянна", - запэўніў ён.

Разам з тым міністр бачыць праблему ў тым, як рэалізуецца гэта праграма непасрэдна ў адукацыйным працэсе, як настаўнік выкарыстоўвае матэрыял і ў якіх аб'ёмах дае дамашняе заданне, як вылучае і падае школьнікам галоўныя пазіцыі. "Гэта значыць, пытанне заключаецца ў фарміраванні метадычнай культуры і метадычнай дасведчанасці настаўніка, - перакананы кіраўнік ведамства. - У сувязі з гэтым мы дамовіліся, што будзем павышаць кваліфікацыю настаўнікаў праз курсы, праз правядзенне метадычных секцый па розных прадметах. Так, мы пакуль не паспяваем за выданнем падручнікаў выдаваць метадычныя дапаможнікі, або як мы іх называем, кнігу для настаўніка, якая лепш раскрывала б пазіцыі, як падаць той ці іншы матэрыял".

Акрамя таго, у міністэрстве маюць намер яшчэ раз вярнуцца да разгляду структуры вучэбнага плана, абавязковай колькасці гадзін на тыдзень у тых ці іншых класах у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. "Вядома ж, рашэнні будуць прымацца з улікам меркаванняў і педагагічнай грамадскасці, і спецыялістаў. Мы павінны ўсё гэта паглядзець. Закранём і пытанні падагульняючай атэстацыі, таму што гэта таксама адна з сістэм, якая загружае школьнікаў, - расказаў міністр. - Давайце скажам шчыра: сёння ў нас школьны экзамен праходзіць у адной форме, а ўступная кампанія, напрыклад, у ВНУ, праходзіць у зусім іншай. Вядома, гэта стварае пэўныя праблемы з пункту гледжання падрыхтоўкі навучэнца да той ці іншай экзаменацыйнай кампаніі".

Пры гэтым Ігар Карпенка адзначыў, што для грамадскасці не будзе нейкіх рэвалюцыйных узрушэнняў, загадзя аб'явяць, якія будуць падыходы і патрабаванні, каб была магчымасць падрыхтавацца да тых ці іншых змяненняў.

Міністр таксама закрануў змест вузаўскай адукацыі. "Мы сур'ёзна скарацілі наборы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, яны ажыццяўляюцца ў першую чаргу пад патрэбнасці нацыянальнай эканомікі, заказчыкаў кадраў. Калі ў 2011 годзе навучалася 430 тыс. студэнтаў, то на сённяшні момант 283 тыс. Гэта значыць, скарачэнне адбылося адчувальнае", - канстатаваў ён.

Разам з тым павялічаны наборы на шэраг спецыяльнасцей, якія запатрабаваны ў эканоміцы краіны, напрыклад, у сферы ІТ.

У міністэрстве сур'ёзна вывучаюць структуру вучэбных планаў, праграм, якія рэалізуюцца па розных спецыяльнасцях. "У сістэме вышэйшай адукацыі 380 спецыяльнасцей, і ёсць некаторыя паўторы, недзе, напрыклад, школьная праграма паўтараецца. Напрыклад, курс гісторыі Беларусі ў ВНУ практычна пераклікаецца з курсам школьнай праграмы. Таму неабходна пэўная карэкціроўка, - лічыць Ігар Карпенка. - І над гэтым мы цяпер працуем, над удасканаленнем сацыяльна-гуманітарнага блока выкладання ў ВНУ. Гэтым займаецца адпаведная рабочая група, якая выпрацавала падыходы, і я думаю, што да канца года правядзём нараду загадчыкаў кафедраў грамадскіх навук сістэмы вышэйшай вучэбнай адукацыі, дзе прымем адпаведныя рашэнні па змяненні падыходаў выкладання сацыяльна-гуманітарнага блока дысцыплін".

Ігар Карпенка таксама расказаў, што сёння Прэзідэнт звярнуў увагу на тэму практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў: павінна быць узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў, з канкрэтнымі прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўдасканаленне ў гэтым плане праграм навучання. "Многае ўжо зроблена ў гэтым напрамку, але трэба яшчэ некаторыя пытанні скарэкціраваць і ўкараніць у практыку адукацыйнага працэсу", - адзначыў кіраўнік ведамства.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі