20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая лэдзі ЗША Меланія Трамп папрасіла Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку пагаварыць з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным наконт украінскіх дзяцей, якія згубіліся ў Расіі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы расказаў журналістам, каменціруючы праведзеныя напярэдадні перагаворы з амерыканскай дэлегацыяй на чале са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер вось Меланія перадала спіс дзяцей, якія нібыта ў выніку вайны ва Украіне згубіліся ў Расіі. І просіць мяне, каб пры сустрэчы з Уладзімірам Пуціным я перадаў гэты спіс, пагаварыў з ім, каб мы знайшлі ў Расіі гэтых дзяцей, якія беглі ад вайны, хутчэй за ўсё. Знайшлі і аддалі Украіне, калі дзеці гатовы і там гатовы іх узяць на ўтрыманне, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта ж не проста Зяленскаму аддаць. Яму няма справы да гэтых дзяцей. Калі былі б патрэбны, дык даўно ўжо закончыў бы гэту вайну".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што адказаў згодай на гэту просьбу, але папярэдзіў, што Пуціна па гэтым пытанні "ўгаворваць не будзе": "Калі Меланія просіць (гэта ў развіццё таго пісьма, якое яна калісьці перадала Пуціну наконт дзяцей), я гэту пазіцыю старэйшаму брату давяду. Але змагацца за гэта не буду, таму што я не ведаю, ёсць гэтыя дзеці ці не, праўда гэта ці не і хто перадаў гэтыя спісы. Гэта мне нескладана - я перадам, пагаворым на гэту тэму".