Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

6 Крс 2018

Макей аб сітуацыі вакол Беларусі: мы апынуліся паміж двух вялікіх агнёў

6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у сучасных умовах апынулася паміж двума буйнымі геапалітычнымі ігракамі, якія знаходзяцца ў стане варожасці. Гэты факт у інтэрв'ю тэлеканалу Euronews адзначыў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Тэкст інтэрв'ю размешчаны на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства, паведамляе БЕЛТА.

"На жаль, сёння мы знаходзімся паміж двума буйнымі геапалітычнымі ігракамі: з аднаго боку - Расія, з іншага - Еўрапейскі саюз. Інакш кажучы, на сённяшні момант мы апынуліся паміж двух вялікіх агнёў, якія знаходзяцца, скажам так, у стане варожасці. Мы церпім ад гэтага. Таму што беларуская эканоміка з'яўляецца экспартна арыентаванай. Мы залежым ад сітуацыі на замежных рынках і хацелі б мець нармальныя гандлёвыя адносіны з Усходам і Захадам, з Поўначчу і Поўднем", - заявіў міністр.

Паводле яго слоў, Беларусь церпіць ад сітуацыі, калі Расія і ЕС прымяняюць узаемныя санкцыі. "Расія - наш ключавы партнёр. Мы шмат чаго дасягнулі ў адносінах з Расіяй: створана адзіная прастора ад Брэста да Уладзівастока, забяспечваюцца роўныя правы для грамадзян дзвюх краін. Гэта галоўнае: роўныя правы для нашых грамадзян, у тым ліку права на адукацыю, на працу, некаторыя сацыяльныя правы і гэтак далей, - сказаў Уладзімір Макей. - З эканамічнага пункту гледжання сёння мы моцна залежым ад Расіі. Менавіта таму перад намі стаіць задача дыверсіфікаваць адносіны, у першую чаргу эканамічныя. Еўрасаюз - наш другі па значнасці эканамічны партнёр пасля Расіі".

"Мы хочам захаваць добрыя адносіны з Расіяй. З іншага боку, мы хацелі б мець больш развітыя, цесныя адносіны з Еўрасаюзам. Гэта наша мэта, і мы актыўна працуем над яе дасягненнем. Пры гэтым мы лічым, што немагчыма забяспечваць стабільнасць тут, у Беларусі, без Расіі або за кошт Расіі. Таму мы не прызнаём пытання "З кім вы сёння: з Расіяй або з Еўрапейскім саюзам?", а хочам падтрымліваць добрыя адносіны і з Расіяй, і з Еўрасаюзам. Мы разумеем, што гэта наш лёс, ад гэтага залежыць далейшае развіццё нашай дзяржавы", - падкрэсліў міністр.

Ён дадаў, што Беларусь хацела б знайсці разумны пазітыўны баланс у адносінах з Расіяй і ЕС, а таксама іншымі заходнімі краінамі. "Час ад часу ўзнікаюць пэўныя праблемы ў адносінах з Расіяй, якія маюць пераважна эканамічны характар. Часта гэтыя праблемы з'яўляюцца штучна створанымі, але мы прадаўжаем дыялог з расійскімі партнёрамі і заўсёды знаходзім рашэнне", - адзначыў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Уладзімір Макей таксама пракаменціраваў той факт, што часам у краінах Захаду Беларусь лічаць часткай расійскай палітыкі. "Але я хацеў бы падкрэсліць, што мы з'яўляемся незалежнай дзяржавай, маладой суверэннай дзяржавай, і мы заўсёды будзем дзейнічаць у адпаведнасці з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі. Безумоўна, мы бяром пад увагу меркаванне еўрапейскіх і расійскіх партнёраў, але мы заўсёды будзем прымаць рашэнні ў адпаведнасці з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі. Можна ўспомніць шэраг фактаў з мінулага, калі мы займалі сваю пазіцыю па многіх спрэчных пытаннях, як у адносінах з Украінай або іншымі дзяржавамі рэгіёна", - рэзюмаваў міністр.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі