19 чэрвеня, Уздзенскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнту Беларусі ў час наведвання малочнатаварнага комплексу "Ячанка" ТАА "БелІнтэрГен-агра" ва Уздзенскім раёне падарылі карову джэрсейскай пароды па мянушцы Муся, паведамляе БЕЛТА.
Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці кампаніі з'яўляецца развіццё племянной жывёлагадоўлі. У асноўным у "БелІнтэрГен" займаюцца развядзеннем галштынскай пароды, але таксама пачалі разводзіць і джэрсейскую пароду. Прадстаўніцу апошняй якраз і падарылі кіраўніку дзяржавы.
Джэрсейская адносіцца да дробных парод кароў малочнага напрамку. Яе адметнасць у тым, што малако змяшчае вялікую колькасць тлушчу і бялку, а таксама вызначаецца высокай колькасцю бялку А2. У той жа час дзякуючы невялікай вазе для кароў такой пароды трэба значна менш корму. Сутачны надой складае да 30 літраў.
Джэрсейскую пароду на прадпрыемстве пачалі разводзіць ад адной каровы - таксама Мусі, якая, дарэчы, пражыла 11 гадоў. Сімвалічна, што такая ж мянушка ў рыжай каровы, якую падарылі Прэзідэнту.
