9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 9 красавіка кадравыя рашэнні, узгадніў назначэнні ў кіраўніцтве Віцебскай вобласці і чатырох раёнаў краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў назначэнне двух намеснікаў старшыні Віцебскага аблвыканкама. Пытаннямі сацыяльнай сферы, кадравай, ідэалагічнай работы, маладзёжнай палітыкі будзе займацца Аляксей Гуйда, пытаннямі будаўніцтва, транспарту, ЖКГ - Пётр Белусь.
Новыя кіраўнікі мясцовай вертыкалі ўзгоднены Прэзідэнтам у чатырох раёнах: Алена Бабінская - на пасаду старшыні Браслаўскага райвыканкама, Максім Бакураў - старшыні Глыбоцкага райвыканкама, Леанід Мойжык - старшыні Аршанскага райвыканкама, Аляксандр Часнойць - старшыні Воранаўскага райвыканкама.
Звяртаючыся да новых кіраўнікоў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што апошнім часам дзяржавай удзялялася вялікая ўвага развіццю сельскагаспадарчай сферы, пачынаючы ад канкрэтных пытанняў жывёлагадоўлі, будаўніцтва прафілакторыяў для цялят, эканомікі асобных сельгаспрадпрыемстваў і заканчваючы больш агульнымі пытаннямі правядзення веснавых палявых работ.
"Вы ведаеце, што рабіць. Час няпросты. Трэба дзейнічаць, - сказаў Прэзідэнт. - Не забывайце, што вы кіраўнікі. Вы прэзідэнты на гэтым кавалачку зямлі - раёне. Дзейнічайце. Не чакайце, што вам нехта прыйдзе і нешта зробіць. Прыйдуць, дапамогуць - дзякуй. Але ўсё будзе залежаць ад вас. Таму - толькі наперад".
Гаворачы пра новага намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксея Гуйду, Прэзідэнт заўважыў, што той у сувязі са зменай працы пераедзе з Мінска ў Віцебск. На працягу многіх гадоў ён працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта, і цяпер, як растлумачыў ён сам, надышоў час "пахадзіць па зямлі", атрымаць новы вопыт работы. Да таго ж ён родам з Шаркаўшчынскага раёна, і рэгіён яму блізкі.
"Малайчына, правільна ты разважаеш. Пакуль малады, трэба прайсці тое, што трэба", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама пазітыўна ацаніў наяўнасць у Аляксея Гуйды вялікага вопыту адміністрацыйнай, кіраўніцкай працы.
У прадаўжэнне тэмы Прэзідэнт згадаў пра цяперашняга прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына і вопыт, атрыманы ім у час работы старшынёй Мінскага аблвыканкама. "Губернатарам быў, вярнуўся - іншы чалавек. Ён разумее людзей, яму не трэба расказваць, пераконваць у нечым", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У размове з Пятром Белусем, які кіраваў Глыбоцкім раёнам, а цяпер будзе працаваць намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама, Прэзідэнт спытаў аб існуючых праблемах. Размова зайшла пра Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, які стаў адчуваць цяжкасці з рэалізацыяй прадукцыі на знешніх рынках, у тым ліку расійскім, з-за нядобрасумленнай працы пасрэднікаў. Каб выйсці з сітуацыі, якая склалася, неабходна наладзіць прамыя пастаўкі, работу ўласнай тавараправоднай сеткі.
Новы кіраўнік Глыбоцкага раёна Максім Бакураў да нядаўняга часу ўзначальваў Аршанскі мясакансервавы камбінат і на гэту пасаду быў назначаны пры незвычайных абставінах - рашэнне было прынята Аляксандрам Лукашэнкам у час візіту на камбінат у чэрвені 2021 года. Да гэтага моманту Максім Бакураў працаваў на розных пасадах на гэтым прадпрыемстве, у тым ліку ў статусе выконваючага абавязкі кіраўніка.
Прэзідэнт падрабязна пацікавіўся цяперашнім станам спраў на Аршанскім мясакамбінаце. Кіраўніку дзяржавы было даложана, што там пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю новыя цэхі, асобныя - яшчэ ў стадыі будаўніцтва, старыя будынкі і памяшканні рэканструяваны, прыведзены ў парадак або, пры неабходнасці, знесены. Ёсць планы па выпуску новай прадукцыі. І цяпер ідзе рэарганізацыя прадпрыемства, падрыхтаваны дакументы па яго далучэнні да агракамбіната "Дзяржынскі".
Вопыт работы Максіма Бакурава дырэктарам Аршанскага мясакансервавага камбіната будзе карысны для яго новай пасады кіраўніка Глыбоцкага райвыканкама, растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Паколькі там таксама ёсць буйное прадпрыемства аналагічнага профілю, якое патрабуе пераўтварэнняў для павышэння яго эфектыўнасці.
"Ты ведаеш раён. Добра ведаеш, што трэба рабіць", - даў наказ новага кіраўніку Глыбоцкага раёна Прэзідэнт, заўважыўшы, што там дастаткова праблемных пытанняў, якія трэба вырашаць, і паабяцаўшы асабіста наведаць рэгіён, каб ацаніць, што там будзе зроблена.






Прэзідэнт перад тым, як прыняць рашэнне наконт новага кіраўніка раёна, у першую чаргу спытаў, як праявіў сябе на гэтым месцы Ігар Мароз і якія прычыны прапанаванай змены кіраўніцтва.
"Асноўная прычына: Аршанскі раён - прамысловы, 60 працэнтаў эканомікі (раёна. - Заўвага БЕЛТА) - прамысловыя прадпрыемствы. У раён укладзены 3 млрд рублёў па адпаведнай праграме, якая рэалізоўвалася з 2018 па 2023 год. Цяперашняя прамысловая дынаміка прадпрыемстваў не зусім тая, якая закладзена ў бізнес-планах і якая павінна быць. Таму прынята рашэнне ўзмацніць кіраўніцтва раёна чалавекам, які даказаў сваю эфектыўнасць на прамысловым аб'екце", - растлумачыў Дзмітрый Крутой. Гэтым крытэрыям, паводле яго слоў, якраз адпавядае Леанід Мойжык, які да гэтага часу працаваў дырэктарам Аршанскага інструментальнага завода.
"Тое, што прадпрыемствы прамысловасці там не вельмі працуюць, - гэта пытанні і да ўрада, і да міністэрстваў, і да аблвыканкама", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
"Патрэбны прамысловец у гэты раён", - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Аляксандр Лукашэнка даручыў яму ўважліва паставіцца да далейшага працаўладкавання былога кіраўніка раёна Ігара Мароза. "Трэба прынцыпова разабрацца, паглядзець, можа чалавек працаваць ці не можа. Калі ён можа працаваць, перспектыўны, трэба забраць яго з Оршы і перавесці. Калі ён талковы чалавек, страціць яго ні ў якім разе нельга, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Мы не павінны страчваць людзей, якія могуць працаваць... Трэба ва ўрадзе гэта пытанне сур'ёзна разгледзець, каб не пакрыўдзіць чалавека".
"Каб ён разумеў, што мы шукаем туды прамыслоўца, а не здымаем яго з працы. Каб не было ніякай чахарды. І трэба больш глыбока вывучаць гэтыя пытанні", - прадоўжыў Прэзідэнт.
"Ніякага негатыву (з боку Ігара Мароза адносна прынятых кадравых рашэнняў не было. - Заўвага БЕЛТА)", - запэўніў Дзмітрый Крутой.
Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да новага старшыні Аршанскага райвыканкама, падкрэсліў, што цяпер у сферы яго адказнасці ўвесь сацыяльна-эканамічны блок рэгіёна і асаблівай увагі і асабістай уключанасці будуць патрабаваць не толькі прамысловасць, але і сфера АПК. "Вам цяпер давядзецца адказваць за ўсё, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Давядзецца цяпер займацца і прафілакторыямі для цялят, і гноем, і ўдоямі, і іншым. Гэта ты павінен добра разумець". Тым больш што Аршанскі раён заўсёды знаходзіцца ў полі зроку кіраўніка дзяржавы, ён часта тут бывае, выдатна ведае характарыстыкі і асаблівасці рэгіёна.
У ліку актуальных патрабаванняў Прэзідэнта - зрабіць Аршанскі раён узорным па ўкараненні тэхналогій земляробства, арганізацыі сельскай гаспадаркі. Таму ў бліжэйшы час пільная ўвага да яго з боку кіраўніка дзяржавы будзе захоўвацца.
"Я ўдзяляю вялікую ўвагу Шклоўскаму раёну, таму што там ведаю кожны метр. І я ведаю Аршанскі раён нядрэнна. Адзін і другі раёны - яны розныя. Недзе сельскагаспадарчы, як Шклоўскі. Недзе прамысловы, як Аршанскі. Гэта тое, што ў нас у краіне (у мініяцюры. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў Прэзідэнт. - Вось узоры. Капіруйце і дзейнічайце.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на правядзенне веснавых палявых работ і падрыхтоўку глебы. Дзякуючы наяўнасці магутных айчынных энерганасычаных трактароў некаторыя гаспадаркі правялі ўзворванне так, што палі ператварыліся літаральна ў акопы, заўважыў Прэзідэнт. "Перавярнулі, з таго свету дасталі зямлю, - вобразна выказаўся кіраўнік дзяржавы. - Грэйдар трэба пасылаць, каб выраўнаваць поле. Перад сяўбой яно павінна быць (роўнае. - Заўвага БЕЛТА), як стол. А там - жах".
Цяпер, каб зрабіць такое поле прыдатным для правядзення пасяўных работ, давядзецца затраціць дадатковыя сілы, тэхніку, час і рэсурсы, у тым ліку паліва. А гэта ў сваю чаргу прывядзе да росту сабекошту сельгаспрадукцыі. Таму так важна, каб на кожным этапе выконвалася тэхналагічная дысцыпліна, каб прымаліся прадуманыя кіраўніцкія рашэнні.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі на ўважлівае стаўленне да кадраў, асабліва да работнікаў з вялікім прафесійным вопытам. "Трэба паглядзець на кадры. Хто можа - няхай працуе. Хто не можа - той няхай ідзе. Губернатар гэта добра разумее. Майце на ўвазе, што вельмі сур'ёзная ўвага ў гэтым плане будзе і да вас", - папярэдзіў Прэзідэнт Леаніда Мойжыка.
Новым кіраўніком раёна стаў Аляксандр Часнойць, які да гэтага часу працаваў намеснікам старшыні - начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лідскага райвыканкама.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што не так даўно ў Лідскім раёне змяніўся кіраўнік, а цяпер адтуль забіраюць аднаго з намеснікаў. "Ліда для Гродзенскай вобласці - гэта вялізны горад. Мы там не аголім кадры?" - спытаў Прэзідэнт у новага старшыні райвыканкама. Той выказаў упэўненасць, што негатыўных наступстваў не будзе, ужо ёсць дастойныя кандыдатуры на пасаду, якая вызвалілася.
Дзмітрый Крутой растлумачыў, што пры падборы кандыдатуры кіраўніка Воранаўскага раёна быў асабліва важны вопыт работы Аляксандра Часнойця, які змог дабіцца значных вынікаў у сельскай гаспадарцы Лідскага раёна. "Адзін з буйнейшых, значных раёнаў у краіне. Але па сельскай гаспадарцы яны былі ў падвале турнірнай табліцы Гродзенскай вобласці. Ён падняў наверх", - растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся асобнымі паказчыкамі работы па АПК Лідскага раёна, у тым ліку ходам пасяўной кампаніі, будаўніцтвам прафілакторыяў для маладняку буйной рагатай жывёлы, і меркаваннем новага кіраўніка наконт праблемных аспектаў сельскай гаспадаркі Воранаўскага раёна, якім трэба ўдзяліць першарадную ўвагу.
Прэзідэнт папярэдзіў, што многія сферы запатрабуюць асабістай уключанасці кіраўніка раёна - і такога ж падыходу трэба патрабаваць ад усіх на месцах. "Калі кіраўнік не пабываў на ферме, на комплексе, работы там не будзе. Людзі хочуць бачыць свайго кіраўніка, пажадана кожны дзень. Такія яны, сяляне", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Закраналася таксама тэма магчымага ўзбуйнення гаспадарак у АПК. І тут Аляксандр Лукашэнка арыентаваў на ўзважаны, прадуманы падыход, зыходзячы з кожнай асобнай сітуацыі і магчымасцей саміх прадпрыемстваў. "Будзьце акуратныя пры аб'яднанні, каб слабога да слабога не далучылі, а потым яны абодва разваліліся. Тут трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі", - сказаў ён. Дзейнічаць, паводле яго слоў, трэба паэтапна, а не па агульным лякале: "Тут нам спяшацца ні ў якім разе нельга. Па-кніжнаму рабіць нічога нельга".