Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

23 Jan 2023

Лукашэнка зацвердзіў рашэнні на ахову дзяржграніцы ў 2023 годзе

Лукашэнка зацвердзіў рашэнні на ахову дзяржграніцы ў 2023 годзе

23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнні на ахову дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2023 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Традыцыйна ў пачатку года кіраўнік дзяржавы зацвярджае рашэнне на ахову дзяржграніцы. Але ў гэтым годзе іх падпісана два - на ахову дзяржграніцы пагранічнікамі на зямлі і ППА - у небе.

Асноўныя намаганні ў ахове граніцы ў гэтым годзе будуць сканцэнтраваны на ўкраінскім напрамку, а таксама на ўчастках, дзе магчыма ўзнікненне новых знешніх выклікаў і пагроз пагранічнай бяспецы, падкрэслілі ў Дзяржпагранкамітэце. У ліку асноўных задач тут назвалі таксама павышэнне баявой гатоўнасці органаў пагранслужбы шляхам удасканалення баявой падрыхтоўкі і забеспячэння падраздзяленняў, а таксама нарошчвання баявых магчымасцей манеўраных груп, развіццё патэнцыялу ведамства па выяўленні знешніх пагроз пагранічнай бяспецы, удасканаленне інфраструктуры дзяржаўнай граніцы, якое ўключае ўзвядзенне новых рубяжоў аховы і аснашчэнне іх самымі сучаснымі тэхнічнымі сродкамі на найбольш небяспечных участках.

Як расказаў журналістам старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо, кіраўніку дзяржавы было даложана аб выніках па ахове дзяржграніцы ў 2022 годзе і асаблівасцях абстаноўкі з улікам баявых дзеянняў, якія ідуць на тэрыторыі сумежнай дзяржавы - Украіны. "Нам давялося перабудаваць ахову граніц на паўднёвым напрамку па ўсіх параметрах", - заўважыў кіраўнік ДПК. Паводле яго слоў, усе задачы па ахове дзяржграніцы, пастаўленыя на 2022 год, былі выкананы.

"На гэты год пастаўлены задачы не менш важныя. Думаю, існуючымі ў нас сіламі і сродкамі мы гэтыя задачы выканаем і забяспечым надзейную ахову граніц, - сказаў ён. - Задача адзіная - забяспечыць надзейную ахову дзяржаўнай граніцы і пропуск у нашу рэспубліку законапаслухмяных грамадзян, стаць надзейным шчытом ад тых, хто да нас ідзе з дрэннымі намерамі". Для выканання гэтай задачы ў ДПК ёсць усе неабходныя сілы і сродкі, паступае таксама і новая тэхніка. "Будуць новыя задачы - будзем глядзець новую тэхніку", - заявіў кіраўнік ДПК.

Паводле яго слоў, напружанасць на граніцы захоўваецца ў тым ліку з-за сітуацыі з бежанцамі. "Некаторыя краіны разбураны, людзям няма дзе жыць, іх паклікалі (у краіны Заходняй Еўропы. - Заўвага БЕЛТА), яны будуць ісці. Гэта тэндэнцыя была і ў мінулым годзе, будзе і ў бягучым. Пакуль людзі, якія засталіся без даху над галавой, не знойдуць сабе дах, гэта будзе. Проста трэба не абяцаць ім залатыя горы, тады будзе менш такіх праблем", - упэўнены Анатоль Лапо.

Паводле даных ДПК, у 2022 годзе спынена больш як 3,8 тыс. спроб незаконнага выцяснення ў Беларусь груп іншаземцаў з тэрыторыі сумежных краін ЕС агульнай колькасцю звыш 31 тыс. чалавек. Колькасць затрыманых парушальнікаў граніцы ў 2022 годзе павялічылася на 51 працэнт (з 318 да 480 чалавек). На 10 працэнтаў вырасла колькасць парушальнікаў заканадаўства аб дзяржграніцы. Варта ўлічваць, што рост у мінулым годзе фіксуецца на фоне кавідных абмежаванняў, якія дзейнічалі ў 2021-м. А калі параўноўваць з дакавідным перыядам, то выбухнога росту няма, павелічэнне ў межах матэматычнай хібнасці, растлумачыў Анатоль Лапо.

Упершыню ў гэтым годзе Прэзідэнт разам з рашэннем на ахову дзяржграніцы на зямлі падпісаў і рашэнне на яе абарону ў паветранай прасторы. Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч растлумачыў гэту неабходнасць напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкай вакол Беларусі. Паводле яго слоў, Узброеныя Сілы краіны і раней выконвалі гэту задачу, але цяпер іх адказнасць узмоцнена.

"Нашы сілы і сродкі знаходзяцца ў гатоўнасці да прыкрыцця на паўднёвым аперацыйным напрамку, знаходзяцца ў раёнах, дзе могуць своечасова зрэагаваць на ўсе рызыкі, выклікі і пагрозы, што ўзнікаюць на поўдні нашай краіны", - падкрэсліў начальнік Генштаба.

"Развіццё абстаноўкі, яе напружанасць вымусілі нас у мінулым годзе нарасціць сілы і сродкі радыётэхнічных войскаў, зенітна-ракетных войскаў і радыёэлектроннай барацьбы. Менавіта прымяненне гэтых сродкаў дае магчымасць нам зніжаць і ў пэўнай ступені выключаць пралёты паветраных парушальнікаў на тэрыторыю нашай краіны", - дадаў ён. Напрыклад, комплекснае прымяненне гэтых сіл і сродкаў, паводле яго слоў, дало магчымасць своечасова выявіць над тэрыторыяй Беларусі 29 снежня 2022 года паветраную цэль (зенітную кіруемую ракету С-300, выпушчаную з тэрыторыі Украіны) і ўнесці збой у выкананне задачы парушальнікам.

Віктар Гулевіч таксама запэўніў, што ў Беларусі ёсць эфектыўныя сродкі барацьбы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Гэта ў першую чаргу сродкі радыёэлектроннай барацьбы. "Наш ваенна-прамысловы комплекс асвоіў выраб такіх сродкаў, мы іх прынялі на ўзбраенне, і цяпер яны паспяхова ажыццяўляюць падаўленне каналаў кіравання, GPS-навігацыі, што ўскладняе і выключае прымяненне БПЛА", - сказаў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі