12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ў Мінску рэканструяванага комплексу "Лошыцкі" заслухаў даклад старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава аб добраўпарадкаванні беларускай сталіцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ўсё тут аднавілі, што жывое было?" - спытаў пасля прыезду ў комплекс Аляксандр Лукашэнка. Яму далажылі, што на тэрыторыі парку яшчэ засталіся два аб'екты, дзе трэба завяршыць работы.
Уладзімір Кухараў далажыў аб рэалізацыі плана добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, рамонце і афарбоўванні будынкаў, рамонце вулічна-дарожнай сеткі, высадцы дрэў і зялёных насаджэнняў, устаноўцы малых архітэктурных форм, арганізацыі дзіцячых пляцовак. Добраўпарадкавана 18 зон адпачынку - па дзве ў кожным з раёнаў Мінска.
Завершана рэканструкцыя Цэнтральнага дзіцячага парку імя Максіма Горкага, на фінальным этапе работы ў парку Уга Чавеса. Да канца года плануецца пачаць работы на тэрыторыі Пішчалаўскага замка, разглядаецца прапанова па арганізацыі там пункта грамадскага харчавання са стравамі нацыянальнай кухні.
Новым напрамкам у Мінску стала работа з насельніцтвам па грамадзянскіх ініцыятывах, калі людзі ў тым ліку за свае грошы прапануюць добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. У гэтым годзе ўжо рэалізавана 14 такіх праектаў. З боку грамадзян на гэтыя мэты ўнесена Br4,6 млн.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта работа павінна быць уключана ў лік задач для кіраўнікоў раённых адміністрацый Мінска. "Трэба гэтым займацца. Мабілізоўваць, аб'ядноўваць, угаворваць, прасіць, прапаноўваць і патрабаваць ад людзей. Кожны павінен хоць невялікую капейку разам з дзяржавай (укласці ў добраўпарадкаванне. - Заўвага БЕЛТА), - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба гэтым займацца, таму што гэта для людзей".