7 студзеня, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Раство запаліў свечку ў храме ў гонар абраза Божай Маці "Млекакарміцелька" ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Традыцыйна кіраўнік дзяржавы ў свята Раства запаліў у храме калядную свечку, пагутарыў з прыхаджанамі і свяшчэннікамі.
"Гэты храм становіцца цэнтрам гэтай краіны ў тым плане, што многія-многія людзі ў гэта светлае добрае свята свае позіркі звяртаюць да Госпада. Знаходзячыся ў гэтым светлым месцы, хачу ўсіх вас (і нашых беларусаў - тых, хто нас пачуе) павіншаваць з гэтым светлым доўгачаканым святам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.






Беларускі лідар таксама выказаў самыя цёплыя пажаданні ў светлае свята Раства. "Яшчэ раз жадаю вам здароўя, поспехаў, жывіце ў міры. Часта гавару пра гэта: зрабіце толькі тое, што вы павінны зрабіць на сваім рабочым месцы. Урач у сябе ў бацьніцы, настаўнік у школе, выкладчык у ВНУ, дзяржаўны служачы, свяшчэннаслужыцель на сваіх месцах. І ўсё ў нас будзе нармальна. Усё астатняе за мной. Шчасця, поспехаў, здароўя, радасці, менш засмучэнняў, горычы, асабліва ад вашых дзяцей", - пажадаў Прэзідэнт.
Царква ў Аколіцы была закладзена ў 2017 годзе. Храм атрымаў сваю назву ў гонар абраза Божай Маці "Млекакарміцелька", гісторыя якога ідзе ў XVI стагоддзе. Аблічча царквы вызначаюць рысы старажытнарускага дойлідства. Галоўны акцэнт у інтэр'еры - рэльефы на тэму дванадзясятых свят, зробленыя ўручную. Пры гэтым усе работы выкананы ў камені з адмаўленнем ад золата і залішніх рамак.