13 сакавіка, Дрыбінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб пачатку новага этапу ў патрабаваннях па падтрыманні дысцыпліны. Аб гэтым ён сказаў журналістам у ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дысцыпліна - гэта аснова любога тэхналагічнага працэсу. Гэта не таму, што Лукашэнка - "дыктатар". Дысцыпліну нам дыктуе тэхналогія. Калі яе няма - мы такія грошы ўклалі і ўсё загубім, ніякай тэхналогіі не будзе", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што гэта элементарныя патрабаванні, якія не патрабуюць дадатковых фінансавых затрат. "Гэта чалавечы фактар: ты павінен своечасова прыйсці, пайсці і выканаць тыя аперацыі, якія патрабуе тэхналогія. Не будзе гэтага (дысцыпліны. - Заўвага БЕЛТА) - бяда", - заявіў беларускі лідар.
Разам з тым, заявіў Прэзідэнт, у гэтым пытанні нельга і пераціснуць. "Паступова. Адзін этап мы прайшлі. Цяпер паднімаемся на другі этап", - сказаў Прэзідэнт.



Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму важна ўбачыць вынікі бягучага года, які будзе паказальным. І аб гэтым гаворыць кіраўнікам: "Гэты год - лакмусавая паперка для вас, паказчык у рабоце".
Важнасць дысцыпліны Прэзідэнт растлумачыў на прыкладзе Дрыбінскага раёна. Ён нагадаў, што гэты аддалены рэгіён, размешчаны на ўскраіне вобласці, у свой час прапаноўвалася нават расфарміраваць. Аднак кіраўнік дзяржавы разважыў інакш: няхай існуе Дрыбінскі раён як асобная тэрытарыяльная адзінка. І цяпер тут устойліва працуюць сельгаспрадпрыемствы, некаторыя з іх наведаў у гэты раз і Прэзідэнт.
"Вось мы з дырэктарам (на МТК ААТ "Трылесіна-агра". - Заўвага БЕЛТА) абмяркоўвалі тэму. Усё тэхналагічна, разумна, мадэрнізавана, рэканструяваны комплекс. Грунтоўна, выдатна, тэхналагічна. Я яму задаю пытанне: "Калі не будзе дысцыпліны, што з тэхналогіяй?" Ён нават абмяркоўваць не стаў, махнуў рукой", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.