22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў 22 жніўня, выказаўся наконт магчымасці памілавання і вызвалення асуджаных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта тэма, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, закраналася ў яго тэлефоннай размове з Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, але вельмі коратка. І, вядома, гэта не была асабістая ініцыятыва самога Трампа, а хутчэй за ўсё людзі з яго асяроддзя пры падрыхтоўцы да размовы пра Беларусь далі даведачныя дакументы і рэкамендавалі падзякаваць Аляксандру Лукашэнку за вызваленне зняволеных, згадаўшы пра яшчэ 1,3 тыс. чалавек, якіх, на іх думку, таксама трэба вызваліць.
Прэзідэнт Беларусі праінфармаваў амерыканскага лідара, што ў краіне ёсць спецыяльная камісія, упаўнаважаная разглядаць адпаведныя запыты ад асуджаных, але канкрэтныя рашэнні застаюцца асабіста за кіраўніком дзяржавы. Такая работа вядзецца на пастаяннай аснове.
Важны фактар пры прыняцці такіх рашэнняў - як гэта будзе ўспрынята людзьмі. "Я асабліва не перажываю за рэйтынг, але мне неабыякава, што скажа маё грамадства аб маіх дзеяннях. Вось вызвалілі 16 чалавек - не ўсе адназначна гэта ўспрынялі, хоць усёй паўнатой інфармацыі не валодаюць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён удакладніў, што першапачаткова прапанова зыходзіла ад ЗША, ніхто ў Беларусі не прапаноўваў вызваленне зняволеных на якіх-небудзь умовах. Гэта быў варыянт амерыканскай здзелкі: ты мне гэта, я табе тое. І Прэзідэнт прыняў іх прапанову, былі памілаваны 16 чалавек, адзін з якіх цяпер "наводзіць шухер" у асяроддзі збеглых, знаходзячыся ў Літве. Аднак нават тут амерыканцы знайшлі да чаго прычапіцца: маўляў, у гэтых людзей і так у хуткім часе павінны былі закончыцца тэрміны зняволення і яны выйшлі б на волю. "Амерыканцы кажуць: падмануў. Я кажу: вы ж бачылі спісы, вы радаваліся, хацелі, каб гэтага хлопца я адпусціў. Я яго адпусціў, сям'ю ўз'ядналі. Чаго вы на мяне крыўдуеце? Маўчаць. Хацелі? Атрымайце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Хочаце паўтары ці дзве тысячы (як яны там лічаць)? Забірайце да сябе, вязіце іх туды. Разлічваць на тое, што мы бандытаў выпусцім, якія палілі, узрывалі, і яны гэта прызнаюць, (не варта. - Заўвага БЕЛТА). Мы іх выпусцім, а яны зноў супраць нас будуць вайну весці? Тут мяне грамадства не падтрымае", - дадаў Прэзідэнт.