Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

26 Nov 2019

Лукашэнка спартсменам: спаборнічаць трэба за перамогу, пасля прыходзь і патрабуй, што хочаш

Лукашэнка спартсменам: спаборнічаць трэба за перамогу, пасля прыходзь і патрабуй, што хочаш

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спартсмены павінны спаборнічаць перш за ўсё дзеля перамогі, а не дзеля грошай. Такое меркаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў сёння на сустрэчы з членамі нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Як можна наогул спаборнічаць за грошы? Я не разумею. Спаборнічаць трэба за перамогу. А пасля перамогі прыходзь і патрабуй, што ты лічыш патрэбным: і грошы, і кватэры, і зямельныя ўчасткі, і іншае. Калі няма выніку, што можна сказаць людзям?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што першапачаткова спартсмены любой зборнай роўныя. "У тых жа расіян, канадцаў, амерыканцаў, чэхаў, шведаў, фінаў дзве нагі, дзве рукі, адна галава, - растлумачыў ён на прыкладзе хакеістаў. - Калі ў вас рукі і галава яшчэ па маладосці не такія, уключайце ногі: не давайце прымаць шайбу, не давайце прымаць мяч. Змагайцеся, калі вы не ўмееце прыгожа абыгрываць, за кошт фізічнай падрыхтоўкі".

"Трэба любіць спорт, быць адданым, тады ў цябе ўсё атрымаецца - і грошы будуць, і кватэра, і пашана, і павага", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу ён прывёў такіх беларускіх спартсменаў, як Дар'я Домрачава, Іван Ціхан. "Як можна не захапляцца такімі людзьмі? Гэта сапраўдныя спартсмены. І я іх ведаю пайменна. І яны заўсёды ў краіне будуць падтрыманы, пакуль я Прэзідэнт, і нават калі мяне не будзе, я ўпэўнены, нехта іншы будзе іх падтрымліваць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаўся, што сумняваўся, ці варта ўзнагароджваць весляроў да правядзення Алімпіяды. "Думаў, саб'ю вас с толку, з вялікага шляху. І папярэдзіў: ніякіх вялікіх узнагарод пакуль не даём, каб было жаданне іх атрымаць, - расказаў ён. - Я не задобрываю вас і не хачу, каб вы думалі аб тым, што Прэзідэнт вам тут наабяцаў і дасць нешта".

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч таксама лічыць, што спартсмены павінны выступаць на спаборніцтвах дзеля перамогі, а не для таго, каб набрацца вопыту або проста паспаборнічаць. "На Алімпіяду павінны паляцець спартсмены, якія прайшлі такую ўнутраную канкурэнцыю. І яны едуць туды не веславаць, яны туды едуць спаборнічаць з усімі. Гэта воіны. Ехаць трэба перамагаць, заваёўваць медалі", - падкрэсліў ён. Паводле слоў галоўнага трэнера, ад беларускіх весляроў на Алімпіяду ў Токіа паедуць менавіта такія спартсмены.

"Адвесці б цябе да нашых начальнікаў, да іншых кіраўнікоў федэрацый, сабраць спартсменаў, асабліва тых, хто пасля гульні ў рэстаранчык любіць зайсці", - адказаў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу, каб заслужаныя, тытулаваныя спартсмены, завяршыўшы кар'еру ў вялікім спорце, заставаліся працаваць у якасці трэнераў і рыхтавалі сабе замену. Так, звяртаючыся да Марыны Літвінчук, Прэзідэнт сказаў: "Мы цябе не адпусцім, пакуль ты ў лодку не пасадзіш яшчэ дваіх або траіх такіх, як сама. Гэта таксама важнае пытанне для спартсмена - пайшоў, а замены няма. Веліч спартсмена, з майго пункту гледжання, яшчэ ў тым, калі ён за руку прывядзе каго-небудзь замест сябе. Кацюша Карстэн пайшла, хоць ты Машэнскага (Аляксандр Машэнскі - старшыня Беларускай федэрацыі веславання. - Заўвага БЕЛТА) у лодку цяпер саджай, парык надзявай, і няхай вяслуе замест Карстэн".

У сваю чаргу Марына Літвінчук запэўніла, што спартсмены не будуць раздаваць пустыя абяцанні, а сур'ёзна сканцэнтруюцца на падрыхтоўцы да Алімпіяды, будуць працаваць, не шкадуючы сіл, здароўя, энергіі. "Мы не маем права падвесці, - падкрэсліла яна. - Я цудоўна разумею, што ўсе высокія ўзнагароды, якія вы цяпер нам уручылі - гэта аванс перад галоўнымі спаборніцтвамі".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі